Дайджэст навін Магілёўскага рэгіёна

10 августа 2019

Першыя вынікі раскопак пошукавай экспедыцыі - на месцах баёў 43-га знойдзены медалі "За адвагу" і "Баявыя заслугі". Рыцарскі фэст сабраў у Мсціславе аматараў старажытнасці. А ў Касцюковічах знайшлі 200-гадовы дуб. Яскравымі падзеямі напоўнены тыдзень у Магілёўскай вобласці.

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Вахта памяці пошукавікаў Беларусі і Расіі стартавала на тыдні ў Магілёўскай вобласці. Побач з вёскай Ужар пад Чавусамі знойдзена месца баёў 43-га і акопы савецкіх салдат. Тут, мяркуюць удзельнікі экспедыцыі, загінула нямала чырвонаармейцаў. Першыя ж раскопкі пацвердзілі чаканні - у полі знойдзены астанкі байцоў. Амуніцыя, фрагменты стралковай зброі – напрыклад, вінтоўкі Мосіна і знакамітага ППШ. Баі пад Чавусамі ў тыя часы параўноўваюць па сваёй жорсткасці з баямі пад Сталінградам.

Пад Слаўгарадам падчас раскопак знойдзены медалі "За адвагу" і "Баявыя заслугі". Апошні належаў лейтынанту Сцяпану Аляксеевічу Тапычканаву 1909 года нараджэння з Башкірыі - камандзіру 330-ай стралковай роты. Ён лічыўся прапаўшым без вестак. Уладальніка другой узнагароды высвятляюць.

За выкананнем правілаў дарожнага руху - у прыватнасці паркоўкі - у Магілёве цяпер сочаць пры дапамозе сучасных тэхналогій. Тут пачала працаваць сістэма фіксацыі "Паркрайт". Спецыяльны прыбор усталяваны ў салоне машыны ДАІ і распазнае рэгістрацыйны нумар транспартнага сродка, здымае яго з абазначэннем каардынат. Паведамленне пра парушэнне яго аўтар атрымае па пошце.

Аматараў сярэднявечнай культуры на некалькі дзён сабраў Мсціслаў. Тут 11-ты раз прайшоў "Рыцарскі фэст". На свята завіталі фолк-гурты, клубы рэканструкцыі з Беларусі, Расіі і Украіны. Яны пабудавалі сапраўднае паселішча. Насычаная праграма - турніры лучнікаў, квэсты, майстар-класы па танцах, вогненнае шоу. Тысячы гасцей прыняла Замкавая гара - пляцоўка фестывалю.

Спіс помнікаў прыроды Магілёўскай вобласці папоўніць 200-гадовы дуб. Яго знайшлі ляснікі ў Касцюковіцім раёне. І ўжо даследавалі вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук. Па папярэдніх замерах яго дыяметр больш за паўтара метра, вышынёй аж 35. Раённыя прыродаахоўнікі ўпэўненыя: дуб стане турыстычнай Мекай і абавязкова будзе ўключаны ў маршрут экалагічных экскурсій.