Дайджэст навін з Гродзенскага рэгіёна

15 декабря 2018

Замест пацыентаў робаты-сімулятары і прафесійныя акцёры. Новыя падыходы да падрыхтоўкі спецыялістаў медыкаў у Прынёманні. Стаматалогія, хірургія, касметалогія і комплексная дыягностыка. Сёлета колькасць замежных грамадзян, якія прыехалі ў Гродна па медыцынскія паслугі, вырасла ў 4 разы. І яшчэ – вядомае кіно пра Чырвоную Шапачку змаглі ўбачыць дзеці з парушэннямі зроку. Гэтыя і іншыя падзеі з жыцця Гродзенскага рэгіёна ў наступным дайджэсце.

Новыя падыходы да падрыхтоўкі спецыялістаў-медыкаў укараняюцца ў Гродзенскай вобласці. Да працэсу падрыхтоўкі будучых урачоў падключаць прафесійных акцёраў. Яны дапамогуць развіваць камунікацыйныя навыкі медыкаў, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях. Яшчэ адзін напрамак – выкарыстанне робатаў-сімулятараў. Яны дапамагаюць студэнтам дасканала адпрацаваць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Такая медыцынская лабараторыя дзейнічае на базе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта.

У Гродне актыўна развіваецца медыцынскі турызм. За апошні год колькасць замежных пацыентаў павялічылася ў 4 разы. Сярод пераваг медыцынскіх устаноў абласнога цэнтра – высокі ўзровень абслугоўвання, аптымальны кошт паслуг і зручная геаграфія. Росту колькасці замежнікаў паспрыяў і бязвізавы рэжым. Сёлета ім скарысталіся амаль сто замежных пацыентаў. У топе паслуг – эстэтычная хірургія, касметалогія і дыягностыка.

Яшчэ адзін крок да безбар’ернага асяроддзя. У Гродне магчымасць наведаць кінасеанс атрымалі людзі з парушэннямі зроку. Дзякуючы валанцёрам і мецэнатам быў распрацаваны спецыяльны праект. Пры дапамозе сучасных тэхналогій кінастужкі адаптавалі для ўспрымання невідушчымі. Убачыць карцінку на экране дапамагае спецыяльная гукавая дарожка. Першымі гледачамі стужкі пра Чырвоную Шапачку сталі выхаванцы гродзенскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.

У планах арганізатараў праекта зрабіць даступнымі для невідушчых 12 фільмаў з залатой калекцыі савецкага кіно.