Дайджэст навін з Брэсцкага рэгіёна

25 января 2020
Свая старонка ў сацыяльных сетках будзе ў брэсцкага трубача. У абласным цэнтры новая славутасць: кожны дзень роўна ў дванаццаць гадзін над горадам чуецца гук трубы. Сігналы дае чалавек у стылізаваным пад даўніну касцюме. А на пчальніках загудзелі пчолы – яны прачнуліся ад анамальна цёплай зімы. Пра гэта і не толькі - у дайджэсце навін з Брэсцкага рэгіёна.

Для шасцігадовай Сняжаны гэта ўжо не першае наваселле ў жыцці. Яе маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, зусім маленькай дзяўчынка трапіла ў іншую сям’ю. І атрымала адразу шэсць братоў і сясцёр. У сям'і Камінскіх выхоўваюць трох родных і чацвёра прыёмных дзяцей. І ўсё  жылі ў невялікім доме ў пасёлку Ліпнікі. Утульнасць і прастору Камінскія атрымалі, перасяліўшыся ў двухпавярховы катэдж у самым цэнтры Драгічына.

Усяго ў Брэсцкай вобласці ўжо больш за 50 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У іх пражывае каля 360 дзяцей. Сёлета пачнуць будаваць яшчэ чатыры такія  катэджы.

Да красавіка яшчэ больш за два месяцы, а на брэсцкіх пчальніках ужо загудзелі вуллі. На ўчастку інтэрнэт-блогера Кірылы Ваўранюка тры хаткі для насякомых. Пчолы вылятаюць на разведку з усіх. Прачынаюцца ад зімовай спячкі і расліны. 

Свая старонка ў “Інстаграме” будзе ў брэсцкага трубача. Новая прыгожая традыцыя з'явілася ў горадзе нядаўна. Кожны дзень роўна ў дванаццаць гадзін трубач займае сваё месца, каб апавясціць гараджан. Тры гудкі азначаюць, што ўсё спакойна. Музычны інструмент - адзіны ў сваім родзе: яго рабілі па старадаўніх тэхналогіях. А хутка на Вяслярным канале павесяць яшчэ і звон: у яго будуць біць за пятнаццаць хвілін да выступлення. Каб надаць легендзе інтрыгу, асобу трубача трымаюць у сакрэце.

Яшчэ адной новай славутасцю Брэста стаў Музей пошты. Яго адкрылі ў  аддзяленні ў цэнтры горада. Тут аднавілі рабочае месца ўзору шасцідзясятых гадоў. Ёсць нават пажоўклыя ад часу арыгінальныя бланкі. Таксама наведвальнікі могуць убачыць форму паштальёна, маркі. Адзін з самых прыкметных экспанатаў - месца для аматараў ручнога пісьма. На стале пяро і чарніла. Напісаць ліст для самых дарагіх і блізкіх можа любы ахвочы.