Дайджэст навін Гродна

23 июня 2018

У Гродне перапахавалі астанкі чырвонаармейцаў, якія загінулі ў першыя дні вайны. Асобу аднаго з іх удалося устанавіць дзякуючы медальёну. Падчас канікул гродзенскія школьнікі адправіліся ў стакіламетровую велавандроўку са сплавам на байдарках. І культурныя тэмы. У Гродне прайшла бібліяноч. А на цэнтральнай вуліцы горада - канцэрты на балконе. Пра падзеі з Гродзенскага рэгіёна - у наступным дайджэсце.

Расказвае Юрый Карняловіч.

Вярнулі з небыцця. У Гродне перапахавалі чырвонаармейцаў, якія гераічна загінулі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Астанкі шасці воінаў былі знойдзены зімой падчас земляных работ на месцы будаўніцтва гандлёва-забаўнага комплексу. Ваеннаслужачыя 52-га асобнага пошукавага батальёна таксама выявілі дзясяткі асабістых рэчаў і тры салдацкія медальёны. Дзякуючы карпатлівай працы спецыялістаў удалося даведацца імя аднаго з загінуўшых абаронцаў горада. Ім аказаўся Павел Рабінін - санітар 103-га стралковага палка, ураджэнец Татарстана. Удалося знайсці і яго сваякоў. На ўрачыстую цырымонію перапахавання ў Гродна з Мурманска прыехаў праўнук героя Ігар Буланцаў.

Вогнішчы, палаткі, сплаў на байдарках і стакіламетровая велавандроўка. Вучні і настаўнікі адной з гродзенскіх гімназій вольны час вырашылі правесці з карысцю. На летніх канікулах арганізавалі шматдзённую велавандроўку з начлегам у палатках. Маршрут быў пракладзены па знакамітых мясцінах Гродзенскага раёна. Некалькі дзён аселага жыцця і затым зноў у дарогу. На шляху да Аўгустоўскага канала вучні азнаёміліся з найбольш цікавымі турыстычнымі аб'ектамі. Напрыканцы падарожжа ўсіх удзельнікаў марафону чакае сплаў на байдарках і нават лазня, як узнагарода за смеласць і вытрымку.

Першая бібліяноч прайшла ў Гродне. Нестандартнае мерапрыемства ладзілі на базе гарадской бібліятэкі і яго праграма, прысвечаная тэме кіно, змагла зацікавіць дзясяткі гледачоў. Прэзентацыя аўтарскіх лялек, конкурсы і віктарыны на тэму кіно, дэфіле кіназорак. Імпрэза атрымалася яркай і відовішчнай. Падчас канцэртнай праграмы гучаў саксафон, а запрошаныя артысты выконвалі песні з кінафільмаў.

У Гродне працягваюцца канцэрты на балконе. Выступленні артыстаў філармоніі арганізаваны на цэнтральнай пешаходнай вуліцы абласнога цэнтра. Такія мерапрыемствы не патрабуюць уваходных білетаў, а значыць на сустрэчу з музыкай можа завітаць кожны.

Класіка, джаз, хіты мінулага, папулярная музыка. Сольныя выступленні і дуэты вакалістаў абласной філармоніі робяць вечары гродзенцаў і гасцей горада незабыўнымі.