Дайджэст навін Гродзенскага рэгіёна

8 сентября 2018

Праблема з недахопам месцаў у дашкольных установах адукацыі цалкам вырашана ў Шчучыне. На гэтым тыдні ў райцэнтры пачаў працаваць новы дзіцячы садок на 170 месцаў. Вучні 8-11-х класаў з усёй Гродзенскай вобласці змогуць атрымаць кансультацыю па выбары будучай прафесіі. А гродзенцы з парушэннямі слыху атрымалі магчымасць без праблем у любы час сутак выклікаць экстранную дапамогу і атрымаць кансультацыі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг. І небывалы ўраджай кавуноў вырасцілі гаспадаркі Прынёмання. Больш падрабязна пра найцікавейшыя падзеі Гродзенскай вобласці ў нашым дайджэсце.

Расказвае Юрый Карняловіч.

Новую ўстанову дашкольнай адукацыі адкрылі на гэтым тыдні ў Шчучыне. Утульныя групы, гімнастычная і музычная залы, камп’ютарны клас і басейн - усім гэтым змогуць карыстацца маленькія жыхары самага вялікага мікрараёна горада. Адметнасцю новага садка з’яўляюцца групы інтэграванай адукацыі для дзетак з асаблівасцямі псіхаматорнага развіцця. Галоўны акцэнт выхавальнікі плануюць зрабіць на аздараўленні дзетак. У дапамогу - сучасны медыцынскі блок, які тут аснасцілі абсталяваннем для прафілактыкі захворванняў дашкалят. А яшчэ для наведвальнікаў прапануюць дадатковыя заняткі - у садку будзе дзейнічаць харэаграфічны гурток, і плануюць вывучаць замежныя мовы. Разлічана ўстанова на 170 дзетак, з яе адкрыццём вырашылася адна з набалелых праблем райцэнтра - недахоп месцаў у дзіцячых садках.

У Гродне плануюць цэнтралізавана аказваць прафарыентацыйную дапамогу вучням старэйшых класаў. Спецыяльны кансультатыўны цэнтр адкрыўся на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі. Наведаць установу змогуць падлеткі з любога раёна Гродзенскай вобласці. Тут гатовы працаваць і з дзецьмі з парушэннямі зроку, слыху, апорна-рухальнага апарату. Паводле слоў спецыялістаў, для кожнага будзе распрацавана індывідуальнае тэсціраванне. Пасля кансультацый старшакласнік атрымае рэкамендацыі. Дарэчы, у цэнтр будуць мець магчымасць звярнуцца з запытамі і бацькі вучняў.

Запісацца на прыём да ўрача, выклікаць экстранныя службы дапамогі, разабрацца з плацяжамі жыллёва-камунальнай службы. Цэнтр прыёму-перадачы паведамленняў для людзей з парушэннямі слыху адкрыўся ў Гродне. Зараз дастаткова авалодаць сучаснымі электроннымі камунікацыямі - "скайпам", "вайберам", "ватсапам" - ці проста набраць СМС па нумары 9191 і перадаць свае запыты аператару. Пасля непрацяглай гутаркі на жэставай мове ўсе пытанні будуць вырашаны.

Вырошчванне бахчавых у Гродзенскай вобласці - новы смачны трэнд. Сёлетні ўраджай парадаваў аграрыяў як ніколі. Для прыкладу - у СВК "Крамко" з участка ў паўгектара плануюць сабраць больш за 15 тон салодкай ягады. Спякотнае надвор’е дазволіла абсалютна выспець гродзенскім кавунам, якія тут растуць без хіміі. У гаспадарцы масава вырошчваюць бахчавыя на працягу трох гадоў і ўжо выпрацавалі сваю агранамічную тэхналогію. Самы адказны перыяд май - чэрвень, на гэты час прыпадае клопат пра расаду, потым - укрыванне маладых раслін, каб не пашкодзілі начныя замаразкі. Вызначыліся аграрыі і з прыярытэтнымі сартамі, якія дазваляюць атрымліваць высокія ўраджаі.

Практычна ўсе плады на ўчастку ўжо можна збіраць. Сёлета салодкая ягада паспела раней за звычайнае. А ўраджайнасць у паўтара раза вышэйшая ў параўнанні з мінулым годам.



Зараз чытаюць