Дайджэст навін Гомеля

25 ноября 2017

Гомель на тыдні ваеннай рэканструкцыяй адзначыў 74-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першы ў вобласці музей-лабараторыя “Прырода Беларусі” створаны ў Гомельскім універсітэце, а самыя прыгожыя замужнія жанчыны спаборнічаюць за званне "Місіс Гомель - 2017". Агляд самых цікавых падзей з Гомельскай вобласці ў дайджэсце Вольгі Халадовіч.

Гомель стаў першым абласным цэнтрам нашай краіны, які вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта адбылося 26 лістапада 1943 года ў выніку Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі. Мітынгі, сустрэчы з ветэранамі і іншыя мерапрыемствы праходзяць на працягу ўсяго гэтага тыдня. Адной з галоўных падзей у святкаванні Дня вызвалення Гомеля стане ваенная рэканструкцыя. Яна пройдзе заўтра (26.11) ў раёне Любенскага возера. Удзел возьмуць прадстаўнікі звыш дзесяці ваенна-гістарычных клубаў Беларусі. Яны прадэманструюць сваё майстэрства і дзеючую рэтратэхніку перыяду вызвалення.

Дарэчы, пасля вызвалення Гомель на нейкі час стаў сталіцай БССР. Сюды пераехалі Савет народных камісараў і Цэнтральны савет партыі Беларусі.

Паглыбленыя веды для студэнтаў, прафарыентацыйная работа са школьнікамі і магчымасць не толькі назіраць, але і атрымліваць практычныя навыкі. Першы ў рэгіёне музей-лабараторыя “Прырода Беларусі” адкрылі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Калекцыю пачалі збіраць у 1960-я гады мінулага стагоддзя, зараз тут прадстаўлена ўся фаўна рэгіёна. Знаёміцца з асаблівасцямі жывёльнага свету, а таксама ствараць музейныя экспанаты можа кожны студэнт. Гэта дазваляе павышаць адукацыйны ўзровень будучых спецыялістаў.

У калекцыі ёсць і даволі экзатычны экспанат. Гэта леў Валера. 40 гадоў таму ён прыехаў у Гомель з заапаркам і застаўся тут назаўсёды.

Харызма, творчы патэнцыял і знешні выгляд. У Гомелі 15 замужніх жанчын прынялі ўдзел у фотасесіі для інтэрнэт-галасавання абласнога конкурсу “Місіс Гомель - 2017". Сярод удзельніц - аграном, трэнер, педагог, спецыяліст па продажы і супрацоўніца банка. Кожная спрабуе свае сілы ў ролі мадэлі. А сямейныя справы і працу спалучаюць са шматгадзіннымі дэфіле і харэаграфіяй. Дарэчы, арганізатары імкнуцца зрабіць акцэнт не на знешнасці канкурсантак, а на іх асобе, харызме і творчым патэнцыяле. Для гэтага на працягу месяца з імі будуць праводзіць заняткі і майстар-класы.

Фінал абласнога конкурсу “Місіс Гомель - 2017" адбудзецца 15 снежня. Інфармацыю аб прызах для пераможцаў і асаблівасцях шоу-праграмы арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.