Дайджэст навін Брэсцкага рэгіёна

3 февраля 2018

Брэсцкая вобласць пачала другі этап будаўніцтва сацыяльнага жылля пры падтрымцы кітайскіх інвестыцый. Дыягностыка пацыентаў на камп’ютарным тамографе ў абласной бальніцы стала больш якаснай. А ў супрацоўнікаў Пінскай электрасеткі цяпер ёсць усюдыходная машына, якой не страшныя ні балоты, ні гурбы снегу. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце падзей з Брэсцкага рэгіёна.

Расказвае Вікторыя Патоня.

Брэст

У Брэсцкай вобласці сёлета плануюць пабудаваць 628 тысяч квадратных метраў жылля. Гэта больш, чым летась. Пры гэтым удвая будзе павялічана колькасць кватэр для шматдзетных сем'яў. Будаўніцтва сацыяльнага жылля вядзецца ў тым ліку і дзякуючы кітайскім інвестыцыям. Так, у 2018 годзе па праекце тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая шматпавярхоўкі з’явяцца ў Баранавічах, Пінску і Жабінцы. Кватэры атрымаюць 184 сям’і. Пляцоўкі для будаўніцтва вызначаны. Здаць дамы павінны ў ліпені.

Новыя магчымасці ў дыягностыцы атрымалі і пацыенты Брэсцкай абласной бальніцы. Тут абнавілі кабінет камп’ютарнай тамаграфіі і ўсталявалі сучасны тамограф. Адна з галоўных пераваг апарата - высокая хуткасць рэканструкцыі, да 50 выяў у секунду, што дазваляе праводзіць дыягностыку на дэтальным узроўні. На тамографе новай мадэлі можна абследаваць пацыентаў любой вагі, а рэнтген-нагрузка мінімальная.

Пінскі раён

Пройдзе па любым бездарожжы! Пінскія энергетыкі атрымалі машыну, якая можа праехаць па балоце, пясках, скрозь хмызнякі. Снегабалотаход разлічаны на ліквідацыю непаладак на лініях электраперадачы, якія размяшчаюцца ў цяжкапраходнай мясцовасці. Мароз і гурбы снегу зімой таксама не перашкода. Дзякуючы агрэгату пошукі і ліквідацыя непаладак скарачаецца ў некалькі разоў.

Брэсцкі раён

Праблему выхавання цяжкіх падлеткаў у вёсцы Клейнікі Брэсцкага раёна вырашаюць не зусім стандартным спосабам. Дзеці бясплатна прыязджаюць ў канюшню для заняткаў. Тут у іх ёсць добрая магчымасць пасябраваць з жывёламі, прайсці курс іпатэрапіі. Інавацыйны праект рэалізоўваюць разам спартсмены і чыноўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. Ахвотнікаў трапіць на такія экскурсіі нямала. А спецыялісты адзначаюць: сустрэчы з жывёламі станоўча ўплываюць на настрой дзяцей.