Экскурсіі ў Мінску праводзіць электронны гід, у Гродзенскiм раёне прайшоў міжнародны пленэр, а ў Пінску - парад дзіцячых калясак. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.
МІНСК
Экскурсіі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пачаў праводзіць... робагід. Спецыяльная праграма для тэлефона на базе вядомай сацыяльнай сеткі расказвае пра экспанаты выставачных залаў праз звычайны чат. Наведвальнікі адпраўляюць віртуальнаму знаўцу мастацтва свой запыт на пэўную карціну або яе аўтара і атрымліваюць зваротнае паведамленне з невялікай гістарычнай звесткай. Пакуль чат-бот вывучыў амаль 20% твораў музея - вядомыя кішэннаму гіду экспанаты пазначаныя спецыяльнай наклейкай. Пакуль такога электроннага экскурсавода не мае ні адзін музей свету.
ПІНСК
Парадам дзіцячых калясак адзначылі Міжнародны дзень аховы дзяцей у Пінску. На святочны праменад выйшлі 9 “экіпажаў”. Удзельнікі конкурсу “Дзіцячае шчасце” паказалі свае дызайнерскія вырашэнні ў намінацыях “Тэхнакаляска”, “Нацыянальны каларыт”, “Каляска-казка”, “Спартыўны рэкорд”. Акрамя добрага настрою, удзельнікі парада атрымалі прызы і падарункі.
ГРОДЗЕНСКІ РАЁН
Шляхі 11 мастакоў з Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны перасекліся на міжнародным пленэры ў Гродзенскiм раёне. Сустрэча адбылася ў рамках адзінаццатага Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. На працягу двух тыдняў удзельнікі пленэру стваралі работы на тэму “Традыцыі і сучаснасць”. У іх аўтары кожны па-свойму пастараліся паказаць каларыт і асаблівасці сваёй краіны.













