Дайджэст культурны

1 июля 2017

Міфалогія ў графічным пано, чым завяршае сезон тэатр оперы і балета і ружовы баль у Батанічным садзе.

Падрабязнасці ў нашым культурным дайджэсце.

У Мінску адбылася сусветная прэм'ера балета. Вялікі тэатр Беларусі ўпершыню паказаў спектакль «Ор і Ора». Работу над пастаноўкай на працягу года вяла беларуска-расійская каманда. У аснове падзеі апавяданне «Людзі і арлы», які напісаў наш зямляк, бізнесмен і мецэнат Вячаслаў Заранкоў. Яго аповед натхніў пецярбуржскага кампазітара Міхаіла Крылова на напісанне музыкі для балета.

Міхаіл Крылоў, кампазітар, Расія: “Зараз вельмі мала новых балетаў у прынцыпе ў свеце. Далёка не ўсе рызыкуюць зрабіць пастаноўку на абсалютна новым матэрыяле. А ў нас усё з нуля. І мінскі тэатр узяўся за гэтую работу. Я ім удзячны за тое, што не пабаяліся прапанаваць публіцы абсалютна новы матэрыял”.

«Ор і Ора» завяршае чарговы сезон Вялікага тэатра Беларусі. Трупа адправіцца ў адпачынак, і тэатр зноў расчыніць дзверы 8-га верасня. Юбілейны, 85-ы сезон, пачнецца прэм'ерай новай версіі оперы "Травіята".

Яго графічныя пано ўвасабляюць матывы славянскай і антычнай міфалогіі. Аўтарская выстава Усевалада Швайбы адкрылася ў сталічнай арт-гасцёўні. На палотнах мастака святыя мясціны, жанчыны і мастацтва ў абстрактным фармаце. Больш за тры дзясяткі кампазіцый адлюстроўваюць калабарацыю графікі і жывапісу. Тут сімвалічны сюррэалізм, архітэктурныя дыптыхі «Храм», «Таямніцы», «Жаночая гімназія». Экспазіцыя - свайго роду падарожжа чалавека да самога сябе. Для стварэння сюжэтаў аўтар філігранна спалучае розныя матэрыялы – як чорную і каляровую туш, так і алейныя фарбы.

3-га ліпеня Батанічны сад запрашае на святочны баль сярод соцень руж. Пад акампанемент сімфанічнага аркестра можна будзе палюбавацца самай вялікай калекцыяй у краіне. Дарэчы, яна налічвае больш за 300 сартоў рознакаляровых кветак.

Акрамя таго, у Батанічным садзе можна будзе наведаць майстар-клас па рукадзеллі і нават стварыць ўласны водар.