Дайджэст культурных падзей

1 Красавіка 2017

Хрустальныя ўзнагароды лепшым акцёрам, перформансы ад школьнікаў і ўнікальная калекцыя з мініяцюрных кніг. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

У Сусветны дзень тэатра ва ўрачыстых абставінах уручылі прыз «Хрустальная Паўлінка». У гісторыі сучаснага беларускага тэатра яго ў розныя гады атрымлівалі Стэфанія Станюта, Расціслаў Янкоўскі, Валерый Раеўскі, Наталля Гайда… Сёлета галоўнай узнагароды тэатральных прафсаюзаў удастоеныя народная артыстка СССР, оперная прыма Тамара Ніжнікава і акцёр Беларускага тэатра юнага гледача Барыс Барысёнак. Узнагародай для маладых - «Хрустальнай кветкай» - за яркі дэбют адзначаныя адразу два акцёры – вакалістка Беларускага музычнага тэатра Вольга Жалезкая і артыст драмтэатра імя Горкага Павел Еўтушэнка. «Хрустальную зорку», якая адрасуецца яркай асобе, атрымаў акцёр Валерый Шушкевіч таксама з тэатра Горкага. А «Хрустальны анёлак» - галоўная ўзнагарода лялечнікаў - дасталася акцёру беларускага тэатра «Лялька» Алегу Рыхтэру з Віцебска.

Гала-канцэрт пераможцаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці прайшоў ў сталіцы. Ён аб'яднаў некалькі соцень таленавітых школьнікаў з ўсёй краіны. Харэаграфічныя перформансы, інструментальныя і вакальныя нумары, а таксама тэатральныя замалёўкі і модныя паказы. Свае творчыя здольнасці ўдзельнікі дэманстравалі ў шасці намінацыях. А падчас фіналу паказалі свае лепшыя нумары.

Унікальная калекцыя больш чым з 300 мініяцюрных кніг. У Траецкім прадмесці працуе выстава "Кніга і культура», прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Тут прапанаваныя кнігі па філасофіі, гісторыі, творы сусветных класікаў, духоўная літаратура, а таксама лепшыя кнігі, выдадзеныя ў Беларусі за апошнія 50 гадоў. Стварэнне мініяцюрных кніг з'яўляецца асаблівым відам мастацтва. У нашай краіне да такіх адносяць кнігі, фармат якіх не перавышае 100х100 мм.