Дайджэст культурных навін

28 апреля 2018

Аб правілах жыцця з тэатральных падмосткаў. У Гомелі адбылася прэм'ера незвычайнага спектакля. У ім пры дапамозе песень і танцаў 140 юных акцёраў расказалі пра правілы бяспекі жыццядзейнасці. Дэбют адбыўся ў Гомельскім гарадскім цэнтры культуры.

Першымі гледачамі мюзікла "Новыя прыгоды Бураціна!" сталі вучні пачатковых класаў гарадскіх школ. Галоўны герой - хлопчык, які падчас сваіх прыгод пазнае правілы паводзін на дарозе, ля вадаёма і ў іншых небяспечных месцах. Арганізатары творчага праекта - 67-я школа абласнога цэнтра і Гомельскі гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пастаноўку плануюць паказаць і на іншых пляцоўках рэгіёна, а таксама падрыхтаваць мюзікл для вучняў старэйшых класаў. Прэм'ера "Новых прыгод Бураціна!" стала адным з мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі "За бяспеку разам".

Разам з прэм'ерай маленькія гледачы ўбачылі выставу работ - пераможцаў конкурсу "Выратавальнікі вачымі дзяцей", зрабілі здымкі на памяць у фотазоне і паўдзельнічалі ў пазнавальных конкурсах.

У Магілёве збіраюць экспанаты для народнай выставы. Экспазіцыя называецца "Праяві сябе". Мастакам і звычайным аматарам дазволена за невялікую плату прыйсці са сваёй карцінай. Палатно мае шанц стаць папулярным і па выніках выйграць прызавы фонд. Акрамя таго, карціну можна прадаць. Галоўная ўмова для ўдзелу ў праекце - твор павінен увайсці ў дзверы выставачнай залы.

Прынесці на выставу сваю работу можна да 6 мая. Потым будзе арганізавана галасаванне. Аўтар лепшага, на думку гледачоў, твора і атрымае грошы. Прызавы фонд складаюць узносы ўдзельнікаў экспазіцыі.

Веснавы настрой на фотавыставе з кветкамі, фруктамі і добрым пачуццём гумару. Сумяшчэнне аўтарскіх і мастацкіх экспазіцый і шопінгу стала добрай традыцыяй гандлёвых цэнтраў Мінска. Аўтар адной з іх - беларуска-канадскі фатограф Алік Замосцін.