Дайджэст да 750-годдзя Магілёва

1 июля 2017

Кірмашы, канцэрты і фестывалі… Магілёў - адзін з найстарэйшых гарадоў нашай краіны - адзначае 750-годдзе. Праграма святкаванняў насычаная: ад прыёму дэлегацый з гарадоў-пабрацімаў да вулічных забаў. І ніводная цікавая падзея не засталася па-за ўвагай нашых карэспандэнтаў.

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Уручэнне спецыяльнай прэміі “Дасягненне” распачало праграму афіцыйных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 750-годдзя Магілёва. Сярод лаўрэатаў - уладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандр Бадзяка, кіраўнік прыватнага інавацыйнага металургічнага прадпрыемства. А таксама намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч - адзін з аўтараў новага генплана горада. Прэмія прысуджаецца штогод за ўклад у развіццё абласнога цэнтра. Сёлета яе атрымалі 17 лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў. Музычны падарунак уручылі Ларыса Доліна і беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў.

Аляксандр Бадзяка, кіраўнік прыватнага інавацыйнага металургічнага прадпрыемства: “Гэта горад майго юнацтва, тут я вырас, тут я пабудаваў свой бізнес. У гэтым горадзе лёгка дыхаецца і добра працуецца. Працэнтаў на 70 у параўнанні з мінулым годам павялічылі аб’ёмы вытворчасці. Заваявалі новыя рынкі – рынкі Усходняй Еўропы”.

Дзмітрый Семянкевіч, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: “З галоўным архітэктарам, з мэрам горада, з творчай інтэлігенцыяй мы стварылі той вобраз, да якога Магілёў павінен імкнуцца. І я спадзяюся, што ў найбліжэйшы час мы ўсе будзем здзіўленыя новымі архітэктурнымі дасягненнямі”.

Каля сарака дэлегацый з чатырнаццаці краін свету завітаюць у Магілёў на святкаванне Дня горада. Зразумела, пачастункі на першым плане. Кафэ горада перайшлі на ўзмоцнены рэжым работы – гатуюць толькі беларускае меню. І ёсць чым парадаваць гасцей: бульбяныя бабкі, зельцы, халаднікі, каўбаскі, бліны, агуркі свежыя маласольныя і нават беларуская лазання.

Прайсці не толькі па сучасным Магілёве, але і па старажытным спецыяльна да Дня горада прапанавалі студэнты архітэктурна-будаўнічага каледжа. Яны аднавілі у камп’ютарным 3D-варыянце старую частку абласнога цэнтра. Вуліцы, грамадскія збудаванні і, вядома ж, храмы, якія былі незваротна, здавалася б, страчаныя, аднак дзякуючы маладым талентам зноў ажылі са сваім магілёўскім каларытам, які цяпер можна ўбачыць.

Пешаходная вуліца Магілёва сёння зноў ператварылася ў вялікі кірмаш і канцэртную пляцоўку. З раніцы тут і майстры, і музыканты, і рыцары. Навучаць і танцаваць у сярэдневяковым стылі. Адпачынак на любы густ. А ўвечары неба над Магілёвам будзе асвечана адразу двума феерверкамі: ад гарадскіх уладаў і гасцей з Кітая. Апоўначы, абяцаюць, у небе будуць лятаць вогненныя святочныя драконы.