Дайджэст з Гродзенскай вобласці

4 марта 2017

Пад урачысты марш у святочнай форме – парад да 100-гадовага юбілею беларускай міліцыі прайшоў і ў Гродне. Ля галоўных гістарычных помнікаў абласнога цэнтра з’яўляюцца турыстычныя стэнды, адметная гродзенская традыцыя – рамеснікі з’ехаліся сёння на Казюкі, і самыя першыя кветкі вясны – унікальнае відэа таго, як распусціўся першацвет.

Дайджэст з Гродзенскай вобласці ад Дзмітрыя Смірнова. Святочная форма, аркестр іграе марш і сотні гледачоў на тратуарах. Па цэнтральнай вуліцы Гродна ўрачыстым парадам прайшлі супрацоўнікі міліцыі. 100-гадовы юбілей беларускіх праваахоўнікаў у абласным цэнтры стаў агульным святам. Дарэчы, упершыню ў парадзе ўдзельнічалі ветэраны органаў унутраных спраў і кадэты. Але ж найбольшай ўвагі гараджан удастоіліся жанчыны-міліцыянеры.

Арт-аб’екты, філасофскія разважанні маладых мастакоў і мары аб беларускіх культурных парталах на міжнародных выставах. Творцы са сталічнай акадэміі мастацтваў абралі Гродна першым горадам у артыстычным падарожжы па беларускіх галерэях. Мастакі кажуць, што натхняюцца сваімі ўнутранымі вобразамі і эксперыментуюць, дадаючы беларускай ментальнасці крыху ўсходніх канцэпцый і не зусім класічных матэрыялаў.

Тым часам ля галоўных гістарычных аб’ектаў абласнога цэнтра з’яўляюцца інфармацыйныя стэнды. Пад антывандальным пластыкам змясцілі самыя цікавыя звесткі пра будынкі, падзеі і людзей, якія мелі дачыненне да гісторыі Гродна. Пакуль такіх стэндаў 5, але іх колькасць будзе павялічвацца. Разам са старажытнымі назвамі гродзенскіх вуліц яны складуць вялікі інфармацыйны праект у дапамогу замежным турыстам на трох мовах.

А сёння ў Гродне можна пачуць значна больш, чым тры мовы – народныя майстры і рамеснікі з ўсёй Беларусі і замежжа адзначаюць дзень свайго заступніка – святога Казіміра. Само ж свята гучыць даволі мілагучна – Казюкі. У Старым горадзе сабраліся кавалі, бондары, ганчары, ткачыхі, вулічныя музыканты і, зразумела, ахвотнікі весела адпачыць і зрабіць эксклюзіўныя пакупкі хэндмэйд.

І, нарэшце, самая вясновая навіна – у Гродне зацвілі першацветы. Цёплае надвор’е стварыла цэлую паляну белых кветак у самым цэнтры горада. Як кажуць батанікі, калі плюсавая тэмпература пратрымаецца больш доўга – кветак на вуліцах стане значна больш.