Дайджэст цікавых падзей Віцебскай вобласці

16 сентября 2017

Больш за паўтысячы ўдзельнікаў аб’яднаў у Аршанскім раёне турзлёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Акрамя разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў, у праграме і цікавыя экскурсіі па гістарычных месцах паўночнага рэгіёна. Беларускі АРТ-алфавіт адкрыў выставачны сезон у Віцебску. Выстава аб’яднала творы 40 аўтараў. І ІІІ Сусветная алімпіяда па гіравым трыятлоне сабрала ў абласным цэнтры спартсменаў з больш чым 20 краін свету.

Дайджэст цікавых падзей Віцебскай вобласці - ад Марыны Раманоўскай. На вернасць Радзіме і народу. Цырымонія прыняцця прысягі адбылася ва ўпраўленні Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. У брацтва следчых уступілі сем маладых супрацоўнікаў. Амаль усе – выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Словы прысягі афіцэры прамовілі перад старэйшымі таварышамі, ветэранамі органаў следства і кіраўніцтвам упраўлення.

Больш за паўтысячы ўдзельнікаў сабраў турзлёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы ў Аршанскім раёне. Афіцыйнае адкрыццё стартавала ўрачыстым шэсцем па райцэнтры. Турыстычны злёт аб’яднаў моладзь з усіх абласцей краіны і Мінска. З Расіі па прыгоды і ўражанні прыехалі прадстаўнікі 30 рэгіёнаў. У праграму форуму сяброўства увайшлі спартыўныя, культурныя, творчыя конкурсы. А таксама экскурсіі па гістарычных месцах паўночнага рэгіёна.

Беларускі АРТ-алфавіт - у Віцебскім мастацкім музеі. Аўтарскі праект мастачкі з Полацка Кацярыны Мясніковай трэці год адкрывае выставачны сезон у абласным цэнтры. Гэта выстава прысвечана пяцісотгоддзю беларускага кнігадрукавання і Францыску Скарыне. Экспазіцыя аб’яднала творы 40 аўтараў з усёй краіны. Пасля Віцебска АРТ-алфавіт будзе экспанавацца ў сталіцы.

Дзве сотні спартсменаў з больш чым 20 краін свету аб’яднала ІІІ Сусветная алімпіяда па гіравым трыятлоне у Віцебску. Свае дасягненні атлеты дэманструюць у групавых і індывідуальных заліках. Маштабнае спаборніцтва аказалася багатым на рэкорды. Шанс праявіць сябе на Сусветнай алімпіядзе па гіравым трыятлоне атрымалі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі.