10 сентября 2016

Легендарны экспанат папоўніў музей ваеннай тэхнікі Буда-Кашалёва, Мінск на палотнах у рэтраспектыве, а таксама бразільскі стрыт-арт на сталічных будынках. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Легендарная савецкая артылерыйская ўстаноўка СУ-100 напярэдадні Дня танкіста папоўніла шэраг экспанатаў музея ваеннай тэхнікі Буда-Кашалёва. Устаноўка прызначалася для знішчэння танкаў, удзельнічала ў аперацыях Вялікай Айчыннай і савецка-японскай вайны, неаднаразова мадэрнізавалася і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў заставалася на ўзбраенні Савецкай арміі. Таксама ад Міністэрства абароны Беларусі ў музей перадалі савецкі танк Т-80. Для жыхароў Буда-Кашалёва танк - сімвал вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым у захоплены горад увайшоў 231-ы танкавы полк 48-й арміі Беларускага фронту.

Бразільскі стрыт-арт ажыўляе сталічныя індустрыяльныя будынкі. Трохметровыя алень і зубр, анімацыйныя персанажы і фальклорныя героі - падчас 3-га фестывалю Vulica Brasil пяць мастакоў з Бразіліі і Беларусі ствараюць урбан-арт-прастору. Дарэчы, адна з кампазіцый праекта можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. Плошча малюнка, аўтарам якога з'яўляецца бразілец Рамон Марцінс - дасягне 3 з паловай квадратных кіламетраў. Акрамя будынкаў, пад пэндзаль мастакоў трапяць і два рарытэтныя трамваі. Яны і стануць сімвалам Vulica Brasil. Убачыць гатовыя арт-аб'екты можна будзе ўжо 17 верасня падчас закрыцця фестывалю.

Мінск на палотнах алейнымі фарбамі. У галерэі Савіцкага адкрылася выстава, прысвечаная 90-годдзю мастака Барыса Аракчэева. Экспазіцыя - своеасаблівы рэтраспектыўны паказ, дзе на 60 палотнах адлюстравана паступовае развіццё беларускай сталіцы, якая стала мастаку другой радзімай . «Дворык кансерваторыі», «Восеньскі сквер», «Палац спорту ў праекце» - у алейным жывапісе гарадскі пейзаж, тэматычныя і графічныя творы. Панарамны выгляд Мінска Аракчэеў ствараў з акна сваёй майстэрні, якая знаходзілася ў гістарычным цэнтры горада.