Каб адпачынак не стаў трагедыяй, на грамадскія пляжы Віцебскай вобласці выйшаў летні патруль

29 Чэрвеня 2019

Вада – стыхія, ля якой у спякоту бавіць час сапраўднае задавальненне. У Віцебскай вобласці – самай азёрнай у краіне – недахопу ў месцах адпачынку няма. Ля азёр і рэк збіраецца вялікая колькасць людзей. Адпачываюць сем’ямі, але нават знаходжанне побач бацькоў, як паказвае сёлетняя статыстыка, не гарантуе бяспеку дзяцей. Сёлета на Віцебшчыне на вадзе загінулі тры дзіцяці, у тым ліку двухгадовы хлопчык – маці знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення.

Што робяць у рэгіёне, каб прадухіліць такія здарэнні, раскажа наш віцебскі карэспандэнт Вольга Маслоўская.

Каб адпачынак не стаў трагедыяй, на грамадскія пляжы Віцебскай вобласці выйшаў летні патруль. Супрацоўнікі МНС сумесна з актывістамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі тлумачаць людзям, як правільна паводзіць сябе на вадзе. Возера Доўжа. Любімае месца пляжнага адпачынку жыхароў абласнога цэнтра. Недалёка ад горада размясціўся прыгожы вадаём з добрай інфраструктурай: пантон, катамараны, водныя горкі і, галоўнае, выратавальная станцыя. Ратаўнікі нясуць варту ўвесь светлавы дзень. Але не кожны пляж пад наглядам. Таму гарантаваць сабе бяспечны адпачынак чалавек можа толькі сам.

На лістоўках, якія адпачывальнікам раздаюць байцы маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, некалькі правіл. Але часта яны каштуюць жыцця. Ведаюць нават дзеці. А бацькі забываюць. Ці проста ўпэўненыя ў тым, што з імі трагедыі не здарыцца, ідуць у ваду пасля ўжывання моцных напіткаў, страчваюць кантроль за сітуацыяй і за сваімі дзецьмі.

Як паводзіць сябе ў крытычнай сітуацыі на вадзе, тлумачаць ратаўнікі. Ад іх і майстар-клас па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца дэманструюць на манекене. Такія заняткі спецыялісты праводзяць рэгулярна: у стрэсавых сітуацыях нават добра падрыхтаваны чалавек можа разгубіцца.

Адпачывальнікі патрэніраваліся кідаць выратавальны круг на максімальную адлегласць ад берага, даведаліся, як бяспечна падысці да чалавека, які тоне, і як транспарціраваць яго на сушу. Летні патруль працягне вахту на грамадскіх пляжах Віцебшчыны.


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя