Брэст прыняў міжнародны турнір "Чорная пешка"

2 ноября 2019

Згуляць у шахматы з робатам. Брэст прыняў міжнародны турнір “Чорная пешка”. На яго з'ехаліся больш за тысячу ўдзельнікаў з 15 краін. За тры дні яны разыграюць 15 тысяч партый. Марыя Тройніч акунулася ў свет шахматных баталій.

У гэтых дзіцячых гульнях - сур’ёзны запал. Каб перамагчы ў шахматнай партыі, патрэбна максімальная канцэнтрацыя. Многія з маленькіх удзельнікаў фестывалю "Чорная пешка" з лёгкасцю паставяць мат даросламу. Оскар Хішко прыехаў з Польшчы. Першакласніку сем гадоў, чатыры з якіх ён займаецца шахматамі. Да камп'ютарных гульняў хлопчык амаль абыякавы. Кажа: сумна.

Міжнародны шахматны фестываль праходзіць ў Брэсце трэці раз і ўпершыню з такім размахам. Удзельнічаюць больш за тысячу чалавек з пятнаццаці краін свету. Сярод іх ЗША, Турцыя, Кітай, Расія і Аргенціна. Самаму малодшаму гульцу чатыры гады, а старэйшаму - 83. Сапраўднай зоркай спаборніцтваў стала Анастасія - так завуць шахматнага робата. Яго зрабілі студэнты Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта.

Нават у самай складанай сітуацыі робату патрэбна ўсяго адна секунда, каб абдумаць ход. Таму перамагчы яго інтэлект практычна немагчыма. Але ў машыны ёсць адзін недахоп - яна павольна рухаецца. І тут перавага - у чалавека.

У інтэлектуальную сутычку з робатам рызыкнула ўступіць чэмпіёнка свету па шахматах Марыя Музычук. Яна прыехала на фестываль з Украіны. Паводле слоў тытулаванай спартсменкі, здольнасці робата - вельмі вялікія, ён гуляе на ўзроўні гросмайстра. Але перамога ўсё ж апынулася на яе баку.

За тры дні ў Брэсце разыграюць 15 тысяч партый, і ўсё - на адной пляцоўцы. Спаборнічаць будуць у некалькіх відах: класічныя шахматы, рапід і бліц.

У праграме фестывалю - карнавал і нават шахматы навобмацак. Усё гэта для таго, каб паказаць: чорна-белы свет фярзёў і пешак можа быць не менш цікавым, чым сучасныя гаджаты.