Тэатральнае дзейства праходзіла адначасова на пяці пляцоўках горада. За гэты час выступілі 26 творчых калектываў з 16 краін.
Таццяна Болтуць даведалася, чым запомніцца гледачам і ўдзельнікам сёлетні форум. Восем фестывальных дзён высокі клас тэатральнага майстэрства паказвалі 26 калектываў з 16 краін - акадэмічныя і эксперыментальныя тэатры. Сярод іх – як старыя знаёмыя брэсцкага гледача, так і, вядома ж, дэбютанты. Сёлета гэта 18 тэатраў. Дарэчы, упершыню свае прафесійныя здольнасці ў Беларусі паказаў Туркменістан.
Камедыяй “Дванаццатая ноч” адкрыў фестывальную праграму Нацыянальны тэатр імя Горкага. Ужо стала добрай традыцыяй даваць старт форуму пастаноўкамі гэтага тэатра. Прычым - камедыямі.
Пастаноўкі ішлі на 8 мовах. З перакладам ці ўвогуле без слоў. Спектакль "Белае і чорнае" – харэаграфічны. Яго паставіў Запарожскі муніцыпальны тэатр танца.
Самымі папулярнымі класікамі на фестывалі сёлета сталі Шэкспір, Гогаль і Чэхаў. Былі на падмостках “Вежы” і забароненыя ў некаторых краінах спектаклі. Адзін з іх прывезлі дэбютанты з Казахстана – Рускі тэатр драмы. Ніякіх дэкарацый, рухаў і жэстаў. Новую форму ў сцэнаграфіі прапанаваў легендарны рэжысёр Ёнас Вайткус.
Паказаныя спектаклі – гэта свежыя пастаноўкі, фестывальнае жыццё якіх толькі пачынаецца. У іх ліку - гульня ў гатычны трылер “Гамлет. NEXT”. Такога Шэкспіра, як і яго Гамлета, яшчэ не бачыў ніхто. Пазнаць прынца дацкага, гісторыя якога перанесена ў далёкую будучыню, - даволі цяжка. Ад класікі застаўся толькі тэкст.
У насычанай праграме фестывалю - не толькі прафесійныя тэатры, масцітыя рэжысёры і заслужаныя артысты, але і студэнты. Маскоўскі інстытут сучасных мастацтваў прапанаваў свой погляд на класіку.
За ўвесь час існавання "Белай вежы" гледачы пазнаёміліся з тэатральным мастацтвам 55 краін свету. І кожны раз фестываль здзіўляе разнастайнасцю жанраў.













