Больш за тысячу навагодніх цацак і паштовак сабрала жыхарка Віцебскага раёна

5 января 2019

У экспазіцыі самыя разнастайныя ёлачныя ўпрыгажэнні, фігуркі галоўных навагодніх чараўнікоў, элементы карнавальных касцюмаў. Калекцыя аб'ядноўвае як рарытэтныя экспанаты, так і сучасныя цацкі ручной працы. Марына Раманоўская пацікавілася, колькі ёлак можна ўпрыгожыць цацкамі са святочнай экспазіцыі.

Людміла Нікіціна дакладна памятае, хто і калі падарыў для калекцыі навагоднюю цацку альбо казачнага персанажа. Аб яе прыгожым захапленні ведаюць многія. Навагоднія атрыбуты перадаюць былыя вучні, знаёмыя і сябры з розных куткоў свету. Экспазіцыя размяшчаецца ў Заронаўскім музеі і дорыць настрой не толькі падчас свят.

Казачныя персанажы, упрыгажэнні са знакамітых серый - “Цырк” і “Асваенне космасу”. Адных толькі рознакаляровых шышак хопіць, каб упрыгожыць некалькі ёлак. Калекцыя аб’ядноўвае навагоднія атрыбуты розных гадоў. Побач з рарытэтнымі можна пабачыць і сучасныя хэндмэйд. Напрыклад, ёлкі з паперы, сурвэтак і нават макароны. Ёсць у калекцыі і свой парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак.

Каб сабраць навагоднюю калекцыю, спатрэбілася амаль дваццаць гадоў. Многія рарытэтныя цацкі прыйшлося аднаўляць пры дапамозе клею, паперы і ваты. Напрыклад, вось гэты Дзед Мароз нядаўна перажыў рэстаўрацыю і зараз разам з іншымі казачнымі персанажамі стварае святочны настрой наведвальнікам музея.

Аднаўляць цацкі і ствараць новыя святочныя касцюмы для казачных персанажаў дапамагае сын Станіслаў. Працэс, расказвае, вельмі захапляльны. Галоўнае - фантазія. І тады навагоднія ўпрыгажэнні заззяюць больш яскрава.

Упрыгожваюць святочную экспазіцыю і калядныя паштоўкі. Самая рарытэтная прыйшла ў Заронава са Смаленска зімой 1912 года. Людміла Нікіціна таксама збірае фігуркі жывёл - сімвалы года. Якія, упэўніваюць наведвальнікі музея, могуць нават спраўджваць навагоднія жаданні.