Больш за тысячу артэфактаў знайшлі археолагі на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку

28 марта 2020
Больш за тысячу артэфактаў перыяду Сярэднявечча знайшлі археолагі на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку.

Зараз там ідуць маштабныя будаўнічыя работы. Былы бальнічны гарадок стане месцам размяшчэння кадэцкага вучылішча. Разам з будаўнікамі працуюць вучоныя – у Верхнім замку захаваўся некрануты культурны слой, які дасягае шасці метраў. З надыходам цёплага надвор’я тут развернецца археалагічная экспедыцыя, а пакуль вучоныя пры дапамозе рыдлёўкі і металадэтэктара даследуюць зямлю, што паднімае будаўнічая тэхніка. Апошнія знаходкі прадэманстравалі Вользе Маслоўскай. 

Гэты крыж - адна з апошніх знаходак на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку. З зямлі яго паднялі літаральна ў панядзелак. Аўтар знаходкі - навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Павел Кенько. Ён адзін з тых, хто суправаджае работу будаўнікоў. Крыж выявіў пры дапамозе металадэтэктара. 

Зараз тэрыторыя Верхняга замка набывае новы выгляд. Карпусы былога бальнічнага гарадка, што пуставалі некалькі гадоў запар, пераўтвараюць у будынкі для полацкіх кадэтаў. Месца з гістарычнага пункта погляду ўнікальнае, таму разам з будаўнікамі побач працуюць вучоныя. 

Менавіта тут, на плошчы перад храмам, збіралася полацкае веча, каб вырашыць важныя пытанні дзяржаўнага кіравання. Старажытнае замчышча, культурныя слаі якога дасягаюць шасці метраў, захоўвае памяць не толькі пра полацкіх князёў, але і пра вялікіх князёў літоўскіх, якія лічылі сваім абавязкам наведаць найстаражытны і адзін з магутных гарадоў дзяржавы. 

На кожны цікавы артэфакт, што трапляе ў рукі археолагаў,  прыходзяць паглядзець будаўнікі. Пытаюцца ў вучоных, каму належыла знаходка, для чаго выкарыстоўвалася. Рабочы Аляксей Калінічэнка распавядае, што ні на адным аб’екце дагэтуль не было працаваць так цікава, як тут. 

З надыходам цяпла на будаўнічай пляцоўцы развернецца маштабная археалагічная экспедыцыя. Перад вучонымі стаіць задача - вывучыць некранутыя культурныя слаі. Будзе весціся работа па раскрыцці фундамента царквы, што знаходзілася на тэрыторыі замка. Абрысы апсіды старажытнага будынка можна ўбачыць ужо зараз. Упэўнены, што галоўныя адкрыцці наперадзе.

Паралельна ў Полацку працягнуць вывучаць яшчэ адзін знакавы аб’ект -  Спаса-Праабражэнскую царкву XII стагоддзя, пабудаваную пры жыцці прападобнай Еўфрасінні. Падчас папярэдніх археалагічных раскопак каля святыні вучоныя знайшлі падземны храм-пахавальню.