Блог “Чатыры ваўкі” пачаў працаваць у нашай краіне

17 Снежня 2016

Расказвае ён пра нораў беларускага драпежніка, чым воўк харчуецца і якія тэрыторыі займае. Дзякуючы маніторынгу цяпер кожны можа назіраць і за перамяшчэннем звера. Наш карэспандэнт Ірына Нікіціна пабывала ў Белавежскай пушчы і даведалася, якую карысць воўк прыносіць прыродзе.  

У самай гушчы старажытнага лесу Вера Тарасаўна жыве паўстагоддзя. У згодзе з прыродай і яе насельнікамі.

Людзей ваўкі не чапаюць. А вось з-за актыўнай паляўнічай атакі законны жыхар пушчы адчувае небяспеку.

У рамках міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці, якую Белавежская пушча рэалізуе сумесна з Франкфурцкім заалагічным таварыствам і “Аховай птушак Бацькаўшчыны”, у 2015 годзе пушчанскі драпежнік стаў прадметам актыўнага даследавання. Пецярых ваўкоў пазначылі спецыяльнымі мабільнымі ашыйнікамі, далі мянушкі. І наладзілі сувязь.

Праз некаторы час сігналы ад аднаго сціхлі. Відавочна, воўк стаў ахвярай паляўнічых. Сёння ўсю інфармацыю вучоным дасылаюць дзве самкі і два самцы. Па тэрыторыі, дзе яны вандруюць, можна меркаваць, што самкі больш аседлыя. Самцы, у сваю чаргу, могуць адыходзіць на тысячу кіламетраў.

Тут праходзіць звярыная сцежка. Але ўдзень сустрэцца на ёй з ваўкамі, запэўніваюць вучоныя, шанцаў мала. Драпежнікі палююць пераважна ноччу. Між тым, тыдзень таму сістэма зафіксавала на гэтым месцы ваўчыцу Ясю.

Адкрытае месца сярод лесу, тлумачаць вучоныя, добра аглядаецца. Напэўна, Яся чакала тут сваю ахвяру - аленя. Гэта самая частая здабыча ваўкоў.  

У рамках праекта са жніўня 2015 года ў Белавежскай пушчы ўведзены мараторый на паляванне на ваўкоў. Цяпер важна расказаць пра карысць, якую гэты звер прыносіць прыродзе. Праз год адзетыя на ваўкоў ашыйнікі самарасчэпяцца. У планах вучоных даследаванне прадоўжыць.