Добраўпарадкаванне і азеляненне вядуць ва ўсіх раёнах Мінска

25 апреля 2020
Набывае веснавы дэкор і сталіца. Добраўпарадкаванне і азеляненне зараз вядуць ва ўсіх раёнах Мінска. Наводзяць парадак у парках і скверах, афармляюць і кветкавыя кампазіцыі. Дарэчы, большасць з іх сёлета прысвецяць 75-годдзю Вялікай Перамогі. Усяго ж у сталіцы хутка высадзяць звыш двух мільёнаў кветак. 

Як змяняецца вобраз Мінска ў гэтым сезоне, раскажа Аляксандра Кавеліч. На каменным палатне ажываюць знаёмыя казачныя персанажы. Хутка яны будуць сустракаць наведвальнікаў аднаго са сталічных паркаў. Разам з калегамі, мастакамі і педагогамі, фантазійныя сюжэты ўвасабляе Мікалай Міхайлаў. Менавіта ён прыдумаў яркі дэкор.

Сталічны парк "Цівалі" сёлета зменіць свой выгляд. Тут ідзе не толькі творчая рэнавацыя... абнаўляюць пешаходныя дарожкі, месцы адпачынку, а таксама высаджваюць маладыя дрэвы і кветкі. Дарэчы, азеляненню горада зараз надаюць асаблівую ўвагу. Гэтай вясной сталіцу ўпрыгожаць звыш двух  мільёнаў віёл, бегоній і цынерарый. Пакуль яны чакаюць пераезду ў вялікіх цяпліцах.

Сваё месца на гарадскіх клумбах кветкі зоймуць у пачатку мая. А пакуль азеляніцелі падрыхтоўваюць пляцоўкі для будучых пасадак.

Не менш важная частка працы - догляд за зялёнымі насаджэннямі, асабліва маладымі дрэвамі. Каб яны адчувалі сябе камфортна ў гарадскім асяроддзі, ясеням, ліпам і вербам пастаянна ладзяць водныя працэдуры. 

 Між тым далучыцца да навядзення парадку ў горадзе могуць усе жыхары. Пакінуць заяўку на азеляненне тэрыторый ля свайго дома прапаноўваюць на сайце "Зялёны двор разам".