Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" працягвае святочнае падарожжа па кутках Беларусі

29 декабря 2018

Маштабная дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" працягвае сваё святочнае падарожжа па ўсіх кутках Беларусі. Кожны дзень маршрут марафону дабра ахоплівае новыя месцы. Гэта і буйныя гарады, і невялікія населеныя пункты. Акцыю "Нашы дзеці" прымуць каля 120 дзіцячых дамоў, школ, бальніц і іншых устаноў. Вядома, такі маштабны святочны карагод не абыходзіцца без падарункаў, цёплых пажаданняў. Сярод святочных лакацый не толькі Мінск - многія гарады сталічнага рэгіёна - Лагойск, Мар'іна Горка, Рудзенск і іншыя. Якія яшчэ пункты з'явіліся на карце добрых спраў на гэтым тыдні - Аляксандра Кавеліч.

Любімы казачны вобраз для кожнага маленькага артыста. Выхаванцаў SOS - Дзіцячай вёскі з Мар'інай Горкі захапіў святочны карнавал. У Аляксандры Кузняцовай самая чароўная роля. Снягурка дапамагае здзяйсняць мары сваіх сяброў.

Не толькі салодкія пачастункі, а і карысныя падарункі на гэтым тыдні прывезлі госці. Спартыўны інвентар будзе дарэчы перад новым сезонам па міні-футболе. Мясцовая каманда паспяхова выступае ў Дзіцячай лізе.

Асаблівы клопат напярэдадні Новага года адчуваюць тысячы маленькіх беларусаў. Тых, каму ўвага і цяпло патрэбны асабліва. Каб стварыць атмасферу сапраўднай зімовай казкі, запланавана некалькі соцень мерапрыемстваў у розных кутках краіны.

А гэта пляцоўка ў Мінску ператварылася ў вялікую Навагоднюю акадэмію. Тут гледачы могуць даведацца, як вучацца будучыя чараўнікі зімы і хто ахоўвае навагодні гадзіннік? У такім творчым фармаце да марафону дабрыні "Нашы дзеці" далучыліся акцёры Маладзёжнага тэатра эстрады.

Ствараць навагоднія цуды дапамагаюць і самі маленькія артысты.

Яшчэ адной святочнай лакацыяй стаў Бярозкаўскі дзіцячы сад-школа. Там вучацца 30 малышоў. Усе з хваляваннем чакаюць надыходу Новага года. А напярэдадні ветліва сустракаюць гасцей, сярод якіх і міністр юстыцыі Беларусі. Настаўнікі і школьнікі разам падрыхтавалі казачны паказ з песнямі і розыгрышамі. А каб урокі праходзілі цікава, школе падарылі мультымедыйны экран. Акрамя гэтага, і сертыфікаты на набыццё спартыўнага інвентару.

У марафоне добрых спраў "Нашы дзеці" традыцыйна ўдзельнічае і Белтэлерадыёкампанія. Падарункі ад медыяхолдынгу прымалі выхаванцы Улукаўскай школы-інтэрната. Акрамя смачных сюрпрызаў, для кожнага ў гэтым доме з'явілася і неабходная бытавая тэхніка - новае халадзільнае абсталяванне.

З трапятаннем разглядае падарункі і 10-гадовы Ваня. У доме-інтэрнаце ён ужо не першы год. Як і яго дзве сястрычкі і брацік. Але менавіта тут, прызнаецца, яны дома. Таму хлопчык з нецярпеннем чакае любімае сямейнае свята.

Спектаклі, мюзіклы і музычныя шоу. Эстафета дабрыні для "Нашых дзяцей" працягнецца да 11 студзеня. Далучыцца да яе яшчэ ёсць час.