Без перасадкі і з эканоміяй часу амаль з гадзіну

23 сентября 2017

Участак чыгункі ад Маладзечна да прымежнай з Літвой станцыі "Гудагай" электрыфікавалі поўнасцю. Глабальны праект адкрывае доступ да балтыйскіх партоў, а бонусам прыносіць пэўныя зручнасці і пасажырам.

Калі звяжа дзве сталіцы - беларускую і літоўскую - электрычка і дзе яшчэ аналагічныя цягнікі з'явяцца ў наступныя гады, ведае Антаніна Станкевіч. Прыкладна палова на 11-ю, а таму на пероне невялічкай станцыі "Пруды" зусім не аншлаг - у асноўным дачнікі, адпачывальнікі і пенсіянеры едуць у напрамку Маладзечна ў гэты час сутак. Іншая справа - раніца і канец працоўнага дня: цягнік, як кажуць пасажыры, бітком.

З мінулага тыдня паміж прымежнай станцыяй "Гудагай", Маладзечна і сталіцай замест дызель-цягнікоў пачалі курсіраваць электрычкі. Праект па замене чыгуначнай інфраструктуры ажыццяўлялі на працягу некалькіх гадоў.

Зараз Беларуская чыгунка вывучае пасажырапаток. Да сярэдзіны снежня расклад цягнікоў максімальна аптымізуюць - з улікам таго, што час шляху ад таго ж Мінска да Гудагая скараціўся амаль на 50 хвілін. Прапаноў чакаюць таксама і ад пасажыраў.

Электрыфікацыя новага ўчастка дазваляе звязаць два найбуйнейшыя транспартныя калідоры ў краіне. А гэта прамы шлях да балтыйскіх партоў. У перспектыве да Еўрапейскіх гульняў і чэмпіянату свету па хакеі хуткасная электрычка замест дызель-цягніка звяжа і дзве сталіцы: Вільнюс і Мінск.

На чарзе электрыфікацыя яшчэ аднаго ўчастка - Жлобін - Калінкавічы - Барбароў. А гэта 170 кіламетраў чыгуначнага палатна. Завяршыць маштабны праект плануюць за тры з паловай гады.

Такія электрычкі могуць паступова пацясніць дызель-цягнікі наогул. Праўда, спатрэбіцца на гэта шмат часу і сродкаў. Але ўсё гэта варта таго: такі транспарт не толькі больш хуткасны і сучасны, але вырашае яшчэ і экалагічныя задачы.