Беларускае звяно ў маршруце Ухань - Еўропа

25 июня 2016

Кітайскія інвестары пабудуюць у Брэсце новы лагістычны цэнтр. Пра гэта стала вядома падчас візіту ў вобласць дэлегацыі кітайскага горада Ухань.

Брэсцкі транспартны вузел стане важным звяном у маршруце Ухань - Еўропа. Гэтая сустрэча ў абласным аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты паклала пачатак новаму беларуска-кітайскаму праекту. Будаўніцтва ў Брэсце новага лагістычнага цэнтра дазволіць сканцэнтраваць тут комплекс абслугоўвання кітайскіх саставаў і перавесці чыгуначныя перавозкі ў мультымадальныя - з выкарыстаннем аўтамабільнага транспарту. У выніку грузапатокі і аб’ём паслуг павінны вырасці мінімум удвая, а тэрміны дастаўкі грузаў з кітайскага Уханя ў Еўропу значна скароцяцца. Падчас сустрэчы падпісаныя адпаведныя мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж кітайскімі і брэсцкімі транспартнікамі. А гэтая шыльда зойме сваё месца на брэсцкім прадстаўніцтве кампаніі-інвестара “Ухань-Ханьёў”.

Лю Ліюн, намеснік мэра г. Ухань (КНР):

“Мы ўжо пазнаёміліся з многімі брэсцкімі прадпрыемствамі і гатовыя з імі працаваць - як у плане экспартна-імпартных адносін, так і наладжваць супрацоўніцтва па транспартна-лагістычных паслугах. Я думаю, гэта будзе цікава і беларускім, і кітайскім прадпрыемствам”.

Міжрэгіянальнае беларуска-кітайскае супрацоўніцтва працягвае развівацца. Да канца года Брэсцкую вобласць з дзелавымі візітамі плануюць наведаць каля дзясятка дэлегацый з Паднябеснай.