Беларускі дзіцячы хоспіс адзначае 25-годдзе

10 августа 2019

25 гадоў надзеі і падтрымкі. Важную дату сваёй дзейнасці адзначае Беларускі дзіцячы хоспіс. Менавіта гэтая арганізацыя некалі стаяла ля вытокаў валанцёрскага руху ў нашай краіне. Пачыналі ўсяго з 10 актывістаў, зараз іх больш за сотню, і гэта толькі тыя, хто супрацоўнічае з хоспісам увесь час: дапамагае пацыентам, удзельнічае ў сацыяльных і дабрачынных праектах установы. А гэта і новы будынак паліятыўнай дапамогі, на які збіралі ўсім светам, і цэнтр "Буслік", у якім адпачываюць дзеці і маладыя інваліды са сваімі сем'ямі, і шэраг іншых ініцыятыў, якія часам вяртаюць жаданне жыць і верыць, што мары здзяйсняюцца. Наталля Кузьміцкая пра добрыя справы і людзей, якія за імі стаяць (відэа).

Той, хто хоць аднойчы трапіў у "Буслік", яшчэ абавязкова не раз вернецца сюды. У летняга лагера беларускага дзіцячага хоспіса шмат сяброў. Бізнесмен Юрый Уласік ужо некалькі гадоў частку свайго адпачынку праводзіць з падапечнымі цэнтра.   Дзеля іх усмешак ён нават гатовы апрануць жартаўлівы касцюм і грымаснічаць. Разам з дзецьмі валанцёры доўгі час рыхтаваліся да вялікага святочнага канцэрта - 20 гадоў таму "Буслік" прыняў першую змену адпачывальнікаў.

Адзначыць маленькі юбілей разам з цэнтрам прыехалі валанцёры і партнёры лагера не толькі з Беларусі.   За час існавання ён стаў сапраўды інтэрнацыянальнай пляцоўкай – стваралі незабыўны адпачынак падапечным хоспіса добраахвотнікі з Германіі, Фінляндыі, Велікабрытаніі. У Злучаным Каралеўстве нават існуе арганізацыя "Сябры беларускага дзіцячага хоспіса". Яна таксама некалі дапамагла "Бусліку" расправіць свае крылы.

Разам з “Буслікам” сёлета адзначае сваё 25-годдзе і хоспіс. За гэты час дзякуючы арганізацыі, а галоўнае спагадлівым людзям, якія ў ёй працуюць, удалося зрабіць шмат - ад будаўніцтва новага цэнтра паліатыўнай дапамогі   да шэрагу разнастайных дабрачынных праектаў.

Падарункі падапечным хоспіса прывезлі спонсары і сябры ўстановы. Сярод іх і футбольны клуб БАТЭ. “Буслік” сапраўды тое месца, дзе спраўджваюцца мары. І, вядома, гэту паветраную вандроўку ад Мінскага аэраклуба ДАСААФ выхаванцы «Бусліка» запомняць надоўга.