Беларускі бізнес працягвае шукаць шляхі для дыверсіфікацыі прыцягнення замежных інвестыцый

3 августа 2019

Паводле прагнозаў аналітыкаў, леташнюю планку ўкладаў у нашу эканоміку – 10,5 мільярда долараў - сёлета перавысіць рэальна. Тон задаюць Расія, Кітай, Германія. Больш за ўсё замежных інвестыцый - у сталіцы: амаль 55 %.

А як ідуць справы ў рэгіёнах? Па адказы ў Барысаў адправіўся Аляксей Кандраценка. Выпускаць дробнымі партыямі, але часта і канкрэтна пад патрэбы рынку! Прынцып малатанажнай вытворчасці добра знаёмы ў фарміндустрыі. Барысаўскі завод медпрэпаратаў зараз рэалізуе новы інвестпраект, які з аднаго боку заменіць імпарт, з іншага - дапаможа па-новаму заявіць пра сябе за мяжой. 60 % прадукцыі прадпрыемства экспартуецца ў 20 краін.

І калі для вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў не абысціся без імпартнай сыравіны, то ў дрэваапрацоўцы каціруецца менавіта айчынная. Беларускі лес сертыфікаваны на 98 працэнтаў паводле міжнародных стандартаў. Гэта добра ведаюць бізнесмены з Літвы і паспяхова працуюць у Беларусі. Акрамя таго, у холдынгу прадпрыемства ў Магілёве, на чарзе - буйны інвестыцыйны праект у Віцебску. А гэта яшчэ плюс мільён кубаметраў апрацаванай драўніны. І новыя працоўныя месцы.

Многія прадпрыемствы Барысава сёння экспартуюць сваю прадукцыю. 60 % паставак - гэта рынак ЕАЭС, 30 % - краіны Еўрасаюза. Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў - буйны перапрацоўшчык ураджаю збожжа, чыю муку, макароны або камбікорм выбіраюць у розных кутках свету. Зараз якраз той час, калі дзясяткі тон збожжа новага ўраджаю штодзень трапляюць на перапрацоўку. Поўдзень Мінскай вобласці - адзін з асноўных пастаўшчыкоў збожжа для Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. Па ўраджайнасці - а гэта звыш 50 цэнтнераў з гектара - у тройцы лідараў землі Капыльскага раёна.

Дзякуючы новай лініі тут атрымліваюць максімум карысці і ад рапсу: гэта алей і макуха. Каштоўныя дадаткі для жывёла- і птушкагадоўлі.

Барысаў паляпшае не толькі інвестыцыйную, але і турыстычную прывабнасць: галоўная транзітная вуліца горада стане больш шырокай, абнаўляюцца кварталы і цэнтр горада. Ужо ў новым абліччы сустрэнем Барысаў у кастрычніку: менавіта тут пройдзе абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі".