Беларускія вучоныя завяршаюць поўнамаштабныя раскопкі на тэрыторыі Лоеўшчыны

13 августа 2016

Упершыню падчас даследаванняў гэтай мясцовасці да іх далучыліся валанцёры з 9 краін свету. Чым прывабныя для іншаземцаў таямніцы беларускай зямлі і якія з іх ім ўдалося разгадаць - ведае Ганна Кавалёва.

Прыкладна тут тры стагоддзі таму стаяў Лоеўскі замак са старажытным паселішчам. Да нашых дзён пабудовы не захаваліся, але іх гісторыю беражэ сама зямля. Амаль месяц раскопкі на ёй вялі дзясяткі археолагаў з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Японіі, Нідэрландаў, Іспаніі і іншых краін. Пярсцёнкі, абразы, посуд - гэта далёка не поўны спіс знойдзеных пад Лоевам артэфактаў. Яны дазволяць вучоным узнавіць многія прабелы ў гісторыі Лоева. Адна з задач – вызначыць колькасць жыхароў гэтай мясцовасці.

Ганна Цімафеенка, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі: "У археалагічным сэнсе было вядома, што тут ёсць адкладанні часоў старажытнай Русі, але не было вядома ні іх распаўсюджванне, ні іх магутнасць, ні іх характар, што мы і спрабуем высветліць ужо другі год дзякуючы шырокамаштабным раскопкам, якія былі пачатыя мінулай восенню".

Пісьмовыя крыніцы пра гісторыю сярэдневяковага Лоева практычна не захаваліся. Першыя ўспаміны пра горад адносяцца да 1505 года. У 16-м стагоддзі ён адным з першых на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны атрымаў Магдэбургскае права. Гэта сведчыць аб тым, што ён меў статус буйнога цэнтра вытворчасці і грашова-таварнага абмену.

Рыма Стаднікава, дырэктар Музея бітвы за Днепр: "У Гомельскай вобласці Лоеў - адзін з першых гарадоў, які атрымаў гэта права. Пазней атрымаў Мазыр, а ў яшчэ пазнейшы час і Гомель. І, вядома, гэта гаворыць аб тым, якую гістарычную ролю іграў гэты горад".

Некаторыя з гэтых маладых людзей жывуць за 10 тысяч кіламетраў ад Беларусі. Удзел жа ў маладзёжным археалагічным лагеры дазволіў ім літаральна дакрануцца да гісторыі Беларусі.

Завершацца поўнамаштабныя раскопкі на тэрыторыі Лоеўшчыны 14 жніўня. Ужо выяўлена больш за сто артэфактаў. Усё знойдзенае падчас работ перададуць у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. На месцы ж раскопак у перспектыве плануюць устанавіць памятны знак.