Беларускія студэнты рыхтуюцца да чэмпіянату свету па прафесійным майстэрстве

2 марта 2019

World Skills пройдзе ў жніўні ў Казані. Прадстаўнікі нашай каманды будуць спаборнічаць у 35 кампетэнцыях. Каб паказаць высокія вынікі, у раскладзе ўдзельнікаў не толькі трэніроўкі, але і падрыхтоўчыя турніры. Напрыклад, каманда па мехатроніцы - прызёры міжнародных спаборніцтваў у Расіі. У рэжыме нон-стоп трэніруюцца таксама кандытары, дызайнеры, механікі. Хто прадставіць краіну на прафесійнай алімпіядзе, ведае Аляксандра Кавеліч.

 

Не проста сабраць складаны механізм, але і “ажывіць” яго. З такой задачай гэтая каманда сустракаецца амаль кожны дзень. Вучэбная лабараторыя для Максіма і Кірыла даўно ператварылася ў трэніровачную пляцоўку. Будучыя мехатронікі - пераможцы рэспубліканскага чэмпіянату па прафесійным майстэрстве - старанна адточваюць свае навыкі перад сусветным турнірам.

На рэальным прадпрыемстве замест гэтай фішкі можа аказацца дэталь аўто, ці, напрыклад, флакон шампуню. У выніку працэс вытворчасці становіцца максімальна эфектыўным. Сістэма не толькі паскарае выпуск прадукцыі, але і дапамагае кантраляваць яе якасць.

Падчас конкурсу скласці і запраграмаваць такое прыстасаванне прыйдзецца з нуля. Міжнародныя эксперты будуць ацэньваць не толькі якасць, але і хуткасць працы.

У руках Анастасіі Данілавай гарачая карамель ператвараецца ў салодкі букет. Кожны дэсерт ад таленавітага майстра нагадвае кулінарны арт-аб’ект. У меню дзясяткі пачастункаў, фірмовы - мядовік. Але рэцэпт кандытар не раскрывае, як і сакрэт сваіх перамог на міжнародных турнірах. У скарбонцы залатыя і сярэбраныя медалі. Гэтая калекцыя можа хутка папоўніцца.

Паказаць свае навыкі на спаборніцтве World Skills зараз імкнуцца многія студэнты і маладыя спецыялісты. Гэта не проста магчымасць павысіць свой прафесійны ўзровень, але і шанц знайсці перспектыўную працу.

За ўзнагароды на прафесійнай алімпіядзе ў жніўні паспаборнічаюць прадстаўнікі 60 краін. Беларуская каманда будзе прадстаўлена ў 35 кампетэнцыях - ад электрамантажных работ да графічнага дызайну.