Беларускія вытворцы трыкатажу пашыраюць геаграфію экспарту

19 марта 2016

Маштабная мадэрнізацыя, новыя калекцыі і інавацыйныя метады пашыву. Беларускія вытворцы трыкатажу павялічваюць аб’ёмы продажу і пашыраюць геаграфію экспарту. Напрыклад, у Сярэднюю Азію пастаўкі тавараў лёгкай прамысловасці за апошні год выраслі ў паўтара раза. А новыя падыходы ў маркетынгу і стварэнне фірменных магазінаў дазваляюць павысіць аб’ёмы продажу і на ўнутраным рынку. Надзея Сербіненка пабывала на найбуйнейшых фабрыках лёгкай прамысловасці Мінскай вобласці.

Зараз вытворцы тэкстылю і трыкатажу актыўна рыхтуюцца да летняга сезону. У цэхах адшываюць калекцыі вясна-лета - 2016. Менавіта тут швачкі заканчваюць выраб жаночых і дзіцячых трыкатажных камплектаў.

Салігорск па праве можна назваць цэнтрам лёгкай прамысловасці. Тут знаходзяцца адразу два найбуйнейшыя прадпрыемствы па вытворчасці адзення і бялізны. На адной з фабрык трыкатаж - асноўны тавар. Паўстагоддзя таму тут быў невялікі швейны цэх, дзе працавалі ўсяго 20 швачак. Сёння ж у калектыве - 900 чалавек. Аб'ём вытворчасці - да 3 тысяч трыкатажных вырабаў за змену.

За апошнія гады прадпрыемства прайшло маштабную мадэрнізацыю. Аднаўленне адбывалася ў некалькі этапаў - спачатку набылі новыя вязальныя машыны, потым сучасны раскройны комплекс і 3Д-прынтар па тканіне. Фінансавыя ўкладанні прыносяць дывідэнды: новыя станкі скарачаюць цыкл вытворчасці і дазваляюць ўвасабляць больш смелыя дызайнерскія ідэі.

Над праектаваннем новых мадэляў салігорскія дызайнеры працавалі паўгода - кожная дэталь касцюма павінна атрымаць адабрэнне мастацкага савета.

Менавіта тут нараджаюцца модныя вобразы для кожнага сезона. Большасці мадэляў у гэтай зале пакуль няма ў продажу, але да пачатку мая ўвесь летні асартымент з'явіцца ў магазінах.

Іна Гнуда - выпускніца Акадэміі мастацтваў - ужо некалькі гадоў працуе мастаком-мадэльерам на салігорскай фабрыцы. Падчас стварэння кожнай калекцыі яна разам з калегамі-мадэльерамі арыентуецца на сусветныя трэнды ў модзе. Аб'ёмныя мадэлі сукенак і паліто, яркія колеры, геаметрычныя формы, экатканіны - усе апошнія тэндэнцыі ўвасоблены ў новай вясенне-летняй калекцыі.

За апошні час змянілася маркетынгавая стратэгія прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Акцэнт - на павелічэнне продажу і пашырэнне сеткі фірменных магазінаў і секцый. Актыўная рэклама ўзмоцніла брэнд беларускага трыкатажу.

Продаж тавараў пад маркай "Зроблена ў Беларусі" за апошні год павялічыўся. Адпаведна імпарт тавараў лёгкай прамысловасці знізіўся на 30 %. Што да паставак беларускага адзення за мяжу, то аб'ёмы павялічваюцца. Прычым на экспартнай карце з'яўляюцца новыя пункты - натуральныя тканіны спадабаліся спажыўцам з Сярэдняй Азіі, Блізкага Усходу і Заходняй Еўропы.