Беларускія аграсядзібы пачалі турыстычны сезон

16 Красавіка 2016

Рыбалка, паляванне, нацыянальная кухня і рамёствы, а таксама аўтэнтычныя абрады. Усё гэта прыцягвае не толькі беларусаў, але і замежных гасцей. Дарэчы, толькі за апошні год у Беларусі адчынілі дзверы 200 аграсядзіб. Зараз па краіне іх ужо больш за дзве тысячы. Мой калега Аляксей Кандраценка адправіўся туды, дзе галоўныя героі - жывёлы а, часам нават і незвычайныя птушкі.

У Мінскай вобласці сотні аграсядзібаў на любы густ. Але нават там, дзе яны чагосьці і не могуць прапанаваць гасцям, карціну дапаўняюць фермерскія гаспадаркі. Напрыклад для таго, каб убачыць чорных афрыканскіх страусаў - у Афрыку ехаць не трэба. Для кампаніі класічных суродзічаў даўганогі самец па мянушцы «прыгажунчык» - хутчэй у «авангардзе». Рабое апярэнне - выключэнне з правілаў, але менавіта яно і прыцягвае натуралістаў, арнітолагаў, ды і проста, аматараў усяго незвычайнага.

Не саванна і не пустыня! Для сотні афрыканскіх чорных страусаў другая радзіма - Слуцкі раён. Усе яны «касцяк» фермерскай гаспадаркі «Птушыны Свет». За сезон ад самкі страуса атрымліваюць да сотні яек. Іх, як і мяса, можна прадэгуставаць тут жа, у рэстаране. Зрэшты гаспадарка - гэта яшчэ і пярэстая кампанія з фазанаў, пеўняў, дзікай свінні, авечак і горнага казла. Міні-заапарк даспадобы турыстам.

Урокі верхавой язды і конныя прагулкі можна здзейсніць у суседняй сялянска-фермерскай гаспадарцы «Элітны конь». Зрэшты ўзровень Лізы Барысавец - куды больш сур'ёзны. Канкур для школьніцы са Слуцка - мастацтва і стыль жыцця. Сярод любімчыкаў - жарабцы Альварэс і Гандыкап.

Гановерская, тракененская, латвійская, гальшцінская пароды плюс шыкоўны савецкі цяжкавоз. Усяго ў гаспадарцы паўсотні коней. Яе кіраўнік Мікалай Кульбіцкі - як уладальнік аўтахаўза раскошных спорткараў - займаецца такім бізнесам ўжо 10 гадоў. Сярод пакупнікоў - еўрапейцы і азіяты. Праўда, каня тут не параўноўваюць з дарагім аўто. У жывёлы ёсць душа, а гэта бясцэнна.

Сёння больш за ўсё аграсядзіб у Віцебскай і Мінскай абласцях. На дваіх - 1200. У рэйтынгу замежных гасцей лідзіруюць расіяне, палякі, літоўцы, немцы і амерыканцы. Аб міжнародным прызнанні кажуць і эксперты «Нэшнл Джеаграфік». Згодна з сусветна вядомай навукова-адукацыйнай арганізацыяй і часопісам па выніках 2015 года, наша краіна ўвайшла ў топ-тры ў намінацыі «Агратурызм».