Беларуская чыгунка выходзіць на новы ўзровень развіцця

20 февраля 2016

Больш зручныя маршруты і камфорт на высокай хуткасці. Беларуская чыгунка сёлета выходзіць на новы ўзровень развіцця. Мадэрнізаваная інфраструктура дазволіць павялічыць і аб'ёмы транзітных грузаперавозак, а гэта паступленні ў бюджэт. Плюсы і для пасажыраў. Цягнікі бізнес-класа звяжуць Мінск і Гомель, прэм'ера фармату Intercity ужо вясной. А вырабляюць такі сучасны транспарт недалёка ад беларускай сталіцы. Аляксей Кандраценка пра чыгуначныя бізнес-планы.

«Штадлер Мінск» - як гавораць, маладое і вельмі перспектыўнае прадпрыемства. І гэта заканамерна. Суперсучасныя электрацягнікі, якія збіраюць ў Фаніпалі, усё больш становяцца на рэйкі розных гарадоў у розных краінах.

Хуткі, лёгкі, інавацыйны - Fast, Light, Innovative. За ёмістай характарыстыкай англійскай абрэвіятуры FLIRT - сусветны бестселер. У 17-ці краінах свету прададзена 1200 такіх электрацягнікоў.

Сёння 16 «фліртаў» калясяць па Беларускай чыгунцы ў фармаце гарадскіх і рэгіянальных ліній. І вось наступны этап - брэнд з рамантычнай назвай займае нішу міжрэгіянальных ліній бізнес-класа. Два сямівагонныя цягнікі Intercity звяжуць Мінск і Гомель.

Сяргей Карповіч, галоўны тэхнолаг ЗАТ «Штадлер Мінск»: "Гэтыя цягнікі цалкам сабраныя тут. Уся камплектацыя швейцарская, таму што была хуткая рэалізацыя гэтага праекта, хуткая яго лакалізацыя ў гэтых умовах. Самае цікавае, што там ёсць барная стойка, улічаны патрабаванні для інвалідаў, ёсць салон бізнес-класа са скуранымі сядзеннямі, Інтэрнэт той жа".

Сёння фармат міжрэгіянальных ліній у абноўленым выглядзе - адзін з прыярытэтаў Беларускай чыгункі нароўні з электрычкамі гарадскіх ліній, якія ўжо курсіруюць паміж Мінскам і яго гарадамі-спадарожнікамі - Заслаўем, Рудзенскам і Смалявічамі.

Такім чынам прэм'ера Беларускай чыгункі - ужо гэтай вясной. Бела-зялёныя цягнікі пачнуць працаваць у тэставым рэжыме. Гэта зойме некалькі месяцаў.