Беларускай нафтаздабычы на гэтым тыдні споўнілася 55 гадоў

24 августа 2019

У гэтай галіне больш чым за паўстагоддзя наша краіна напрацавала вопыт, які запатрабаваны на міжнародным узроўні. Сёння нашы нафтавікі працуюць у Расіі, Украіне, Эквадоры і Венесуэле. Адначасова развіваюць сейсміку ў сябе і знаходзяць новыя залежы чорнага золата там, дзе раней магчымасці навукі не дазвалялі гэта зрабіць. Летапіс беларускай нафтаздабычы і яе перспектывы - у рэпартажы Ганны Кавалёвай. 

Гэтая свідравіна пад нумарам 6 - адна са старажылаў. Ёй 55 гадоў і яна нават зараз прыносіць чорнае золата. Дарэчы, яна ж і аднагодка ўсёй беларускай нафтаздабычы. Свой летапіс вядзе з 1964 года.

Наталля Магілевіч калісьці трымала ў руках першы нафтавы мільён, здабыты легендарнай свідравінай. Тады знакавы момант трапіў у аб'ектывы журналістаў, а здымак растыражавалі СМІ па ўсім Савецкім Саюзе. На фота лабаранту Наталлі ўсяго 19. Гэта былі першыя крокі ў нафтаздабычы і для яе, і для краіны ўвогуле. Падымаць нафтавую «цаліну», успамінае, было складана: не было ні вопыту, ні абсталявання.

Шлях да першага мільёна пачыналі тут - на Рэчыцкім радовішчы. Сёння яно - найбуйнейшае ў краіне. Пачатковыя геалагічныя запасы тады ацанілі на 95 мільёнаў тон.

Фонд беларускай нафтаздабычы сёння - гэта ўжо 61 радовішча і 849 свідравін. Іх сярэдняя глыбіня - каля 3 тысяч метраў. Але ёсць і 5-кіламетровыя рэкардсменкі.

Старадаўнія тэхналогіі змянілі самыя найноўшыя. Напрыклад, тут - на ўстаноўцы падрыхтоўкі нафты - усё кіраўніцтва працэсам перанеслі ў віртуальную прастору. Прыток нафты, падрыхтоўка яе таварнага выгляду, адгрузка - амаль усе - па адным кліку мышкі. Дарэчы, па некаторых тэхналогіях Беларусь апярэджвае нават больш багатую на вуглевадароды Расію.

Такая ўстаноўка, па сутнасці, цэлы завод па стварэнні глыбінных свідравін. За год прабурвае па 50 штук. Прычым, суткамі, без перапынку. І хоць афіцыйная навука даўно паўтарае, што запасы беларускай нафты скончацца праз 30 гадоў, геолагаразведачныя працы раз-пораз адкрываюць новыя залежы нават там, дзе па навуковай логіцы іх быць не павінна.

Аптымізму дадае і тое, што за найбліжэйшыя 30 гадоў павінны з'явіцца новыя тэхналогіі разведкі і здабычы нафты. Пакуль жа нафтавікі будуюць планы на юбілейны год. Згодна з прагнозамі ён будзе для краіны рэкордным - здабыць плануюць мільён 690 тысяч тон чорнага золата.