Беларусь замацоўвае статус краіны, прывабнай для развіцця замежнага бізнесу

9 июля 2016

У планах на наступныя гады - рэалізацыя 80 буйных інвестпраектаў аб'ёмам больш як на 27 мільярдаў долараў. Адны з самых актуальных - Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" у Смалявіцкім раёне і будаўніцтва комплекса "Мінск-Свет" у сталіцы з удзелам сербскіх інвестыцый.

Аляксей Кандраценка - пра тое, як міжнародныя праекты мяняюць аблічча беларускіх гарадоў. Паэтапна, крок за крокам, на карце Беларусі з'яўляецца, па сутнасці, новы горад: інжынерныя сеткі, водазабеспячэнне, кіламетры дарог - інфраструктура парка "Вялікі камень" неўзабаве будзе гатова.

"Павярнуць на Вінаградную і на Цяністай пастаяць у ценю" на гэтых вуліцах пакуль не атрымаецца. Першыя 13 кіламетраў дарог прызначаюцца для руху будаўнічай тэхнікі. Дарэчы, тут задзейнічана 350 бульдозераў, кранаў і грузавікоў. Увесь жа працоўны дэсант - гэта дзве з паловай тысячы рабочых і інжынераў, якія ўжо гэтай восенню завершаць узвядзенне гарадской інфраструктуры. Размахам рэалізацыі "Вялікі камень" можна параўнаць з будаўніцтвам Салігорска або Наваполацка.

У цэлым аб'ёмы інвестыцый у будаўніцтва "Вялікага каменя" перавысілі сто мільёнаў долараў. Адзін з ключавых праектаў - узвядзенне лагістычнага субпарка плошчай 30 гектараў. Менавіта ён будзе фарміраваць таварныя патокі "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху".

На гэтых жа вуліцах можна не проста гуляць, але паўнавартасна жыць і працаваць. Дамы, дзіцячы сад, школа, магазіны, да якіх хутка далучацца бізнес- і шопінг-цэнтры. "Маяк Мінска" - адзін з буйных праектаў інвестараў з Сербіі, які гарманічна і дынамічна ўпісаўся ва ўрбаністычныя ландшафты сталіцы.

А вось сапраўдным брыльянтам у перспектыве можа стаць самы буйны інвестпраект сербаў у краіне. Шматфункцыянальны комплекс "Мінск-Свет" - новы архітэктурны і горадабудаўнічы погляд у будучыню сталіцы. Менавіта тут, на тэрыторыі былога аэрапорта, акрамя жылых дамоў, з'явяцца дыпламатычны квартал, зоны адпачынку і міжнародны фінансавы цэнтр. Комплекс стане не проста драйверам сталічнай эканомікі, але і каталізатарам развіцця ўсяго рэгіёна.