Беларусь працягвае сустракаць гасцей і ўдзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў

22 июня 2019

У Віцебскай вобласці заўзятараў спорту сустракаюць у двух аўтадарожных пунктах пропуску – “Урбаны” і “Грыгароўшчына”. Абодва – на беларуска-латвійскай мяжы.

За працай службаў назірала Вольга Маслоўская. Кожныя суткі праз аўтадарожны пункт пропуску “Грыгароўшчына” ў нашу краіну трапляюць больш за тысячу чалавек. Ён размешчаны на мяжы з Латвіяй. Апошнімі днямі ўсё часцей замест візы госці прад’яўляюць білеты на спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў, што гэтымі днямі праходзяць у Мінску.

Ад Рыгі да Мінска праз пункт пропуску “Грыгароўшчына” 599 кіламетраў. Ад Таліна да сталіцы ІІ Еўрапейскіх гульняў – крыху больш за 800. Каб не замінаць гасцям і ўдзельнікам спартыўнага форуму, арганізаваны асобны канал. На пераход праз мяжу – не больш за 15 хвілін. Для ўдзельнікаў і балельшчыкаў галоўнай спартыўнай падзеі Старога Свету прадугледжаны асобныя калідоры: па два з пяці як на ўезд у краіну, так і на выезд. Яны пазначаны сімвалам Гульняў – лісянём Лёсікам. У дні правядзення спаборніцтваў колькасць персаналу ў пункце пропуску павялічана. Форма адзення – парадная. Спецыялісты ведаюць замежныя мовы, а для прастаты ўспрымання на палосах руху размешчаны інфармацыйныя табло: што можна перавозіць праз мяжу, а што забаронена.

Праз пункты пропуску Віцебскай мытні па квітках на ІІ Еўрапейскія гульні ўжо прыбылі каля сотні турыстаў. Сям'я Лахціёнавых з латвійскага пасёлка Сямёшкі едуць транзітам праз Беларусь. На Гульні не трапяць, але магчымасцю правесці дзень ў святочным Мінску не пагрэбуюць.

Гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў на мяжы сустракаюць валанцёры. Ад іх балельшчыкі атрымліваюць даведнік з падрабязнай праграмай Гульняў і інфармацыяй, як з карысцю правесці час у Беларусі.

З кожным днём паток гасцей з білетамі на спартыўныя мерапрыемствы ІІ Еўрапейскіх гульняў павялічваецца. На мяжы абяцаюць: аператыўнасць работы службаў застанецца нязменнай.