Беларусь 3 ліпеня адзначыць Дзень Незалежнасці

1 июля 2017

Беларусь 3 ліпеня адзначыць Дзень Незалежнасці – галоўнае дзяржаўнае свята, сімвал нацыянальнага гонару і даніна гераізму і мужнасці тых, хто вызваліў нашу краіну. Урачыстасці і святочныя канцэрты пройдуць па ўсёй краіне.

Ля стэлы «Мінск - горад-герой» а 10-й гадзіне раніцы пачнецца ваенны парад. Адным з відовішчных момантаў свята стане авіяшоу. Упершыню на адкрытай пляцоўцы размесціцца амаль паўсотні адзінак баявой тэхнікі. Ва ўсіх раёнах Мінска разгорнуцца святочныя пляцоўкі. На цэнтральнай - каля Палаца спорту – пройдзе канцэртная праграма і выстава-кірмаш народных майстроў.

Святочныя мерапрыемствы ў Брэсце пачнуцца з цырымоніі ўскладання кветак да помніка Вызвалення на плошчы Свабоды. Пасля ветэраны, жыхары і госці горада пройдуць да Брэсцкай крэпасці-героя, каб ушанаваць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за незалежнасць нашай краіны.

У Магілёве ўскладуць кветкі на Буйніцкім полі, дзе ў 1941-м Чырвоная армія спыніла ворага на доўгія 23 дні. Самаадданы подзвіг чырвонаармейцаў і жыхароў Магілёва ўшануюць хвілінай маўчання. Магіляўчан і гасцей горада чакае вялікі святочны канцэрт з удзелам Алега Газманава, Аляксея Вараб'ёва і іншых вядомых выканаўцаў.

У Віцебску асноўныя святочныя мерапрыемствы пройдуць на плошчы Перамогі. Каля мемарыяла ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў адбудзецца мітынг. На працягу ўсяго дня ў абласным цэнтры будуць гучаць духавыя аркестры. Аматараў актыўнага адпачынку запросяць на інтэрактыўныя гульні, конкурсы і экскурсіі на цеплаходах па Заходняй Дзвіне.

У Гродне таксама падрыхтаваная вялікая святочная праграма. Пасля мітынгу і ўскладання кветак да помніка Невядомаму Салдату адбудзецца ўрачыстае шэсце. У горадзе будуць працаваць выстава ваеннай тэхнікі, партызанскі лагер, фотазоны. Пройдуць спартыўныя і забаўныя мерапрыемствы. Для самых маленькіх упершыню сёлета адбудзецца конкурс пляцення касічак на поні.

Шэсце з удзелам ветэранаў вайны і працы, кіраўніцтва рэгіёна і гараджан адкрые свята ў Гомелі. Да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў ускладуць кветкі. Свята працягне забаўная праграма: горад майстроў, фестываль беларускай моды, свята вышыванкі і гастранамічныя конкурсы.

А фінальным акордам святочнага дня па ўсёй краіне стане агульнарэспубліканская акцыя «Праспяваем гімн разам» і салют.