Баранавіцкі раён рэалізуе маштабны праект па аб'яднанні некалькіх прадпрыемстваў у холдынг

23 марта 2019

Галоўнай у інтэграцыі стане птушкафабрыка, яна амаль удвая пашырыць вытворчыя плошчы і ў перспектыве атрымае камбікормавы завод. Будуць створаны і новыя рабочыя месцы, што для раёна вельмі важна. Зараз ідзе мадэрнізацыя старых збудаванняў пад птушнікі. Пра эканамічны эфект рэканструкцыі - рэпартаж Вікторыі Патоні.

Мікраклімат у птушніку - адзін з важных фактараў, які ўплывае на рост і здароўе крылатых. Таму вентыляцыі, ацяпленню памяшканняў удзяляецца асаблівая ўвага. Дырэктар птушкафабрыкі Васіль Маркевіч экскурсію для нашай здымачнай групы па новых плошчах праводзіць асабіста. Кіраўнік буйнога прадпрыемства па вытворчасці мяса бройлераў зацікаўлены ў нарошчванні экспарту. Тым больш што баранавіцкая "Дружба" выйшла на рынак Паднябеснай. Для павелічэння аб’ёмаў неабходныя дадатковыя вытворчыя пляцоўкі. І такія ў раёне знайшліся.

Васіль Хвацік, старшыня Баранавіцкага райвыканкама: "Прадаем у розныя краіны. У тым ліку выходзім на рынак Кітая сёння, выйшлі ўжо. Гэта сур'ёзны рынак для нас. Рашэннем аблвыканкама нам было перададзена ў камунальную ўласнасць прадпрыемства КХП летась. З'явіліся вызваленыя плошчы на гэтым прадпрыемстве. І было прынята рашэнне, пастаўленая задача старшынёй аблвыканкама зрабіць нешта разумнае. Было прапанавана ім паспрабаваць птушку".

Птушкафабрыка плануе павялічыць аб’ёмы вытворчасці мяса бройлераў амаль удвая. Зараз на прадпрыемстве адначасова ўтрымліваецца 3,5 мільёна птушак. Калектыў - больш за 3 000 чалавек. На першым этапе пад сучасныя птушнікі рэканструююць 12 старых збудаванняў. Рамонтныя работы вядуцца ўласнымі намаганнямі, але тут спадзяюцца і на льготны крэдыт.

Васіль Маркевіч, гендырэктар птушкафабрыкі "Дружба": "Перспектыва тут ёсць. Мы вырабілі 63 тоны мяса летась і спадзяемся ў найбліжэйшую пяцігодку дайсці да 100 000 тон мяса. Гэта па меншай меры дазволіць павялічыць на 100 чалавек колькасць нашага калектыву. І забяспечыць іх працай. Людзі ёсць, якія хочуць працаваць у нашым рэгіёне, таму гэта таксама немалаважна".

У Баранавіцкім раёне ствараецца холдынг, каб птушкафабрыка стала прадпрыемствам з замкнёным цыклам вытворчасці. Што называецца, сама сябе забяспечвала кармамі, гадавала, перапрацоўвала і рэалізоўвала птушку. Праект знайшоў падтрымку і ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

Два новыя птушнікі крылатых навасельцаў прымуць праз некалькі дзён. Але гэта толькі пачатак сапраўды маштабнага і важнага праекта, разлічанага не на адзін год.