Астранамічная пляцоўка для назіранняў за космасам адкрыта ў Магілёве

9 сентября 2017

Тэлескопы напагатове! Астранамічная пляцоўка для назіранняў за космасам адкрыта ў Магілёве. Ініцыятарамі ідэі і канструктарамі выступілі вучні і настаўнікі 28-й сярэдняй школы. Яны не абмежаваліся звычайнымі ўрокамі і стварылі сапраўдны цэнтр па даследаванні касмічных з’яў пад адкрытым небам. Андрэй Ястрабаў стаў адным з яго першаадкрывальнікаў.

Астранамічны парасон толькі сёння (за дрэннага надвор’я) выкарыстоўваюць па прызначэнні. Насамрэч гэта працуючы экспанат школьнага касмічнага цэнтра, які вучні змайстравалі сваімі рукамі.

На гэтай астранамічнай пляцоўцы няма ніводнай выпадковай канструкцыі. Праект – вынік аўтарскага тандэму настаўнікаў і вучняў. Тут і сонечны гадзіннік, і мадэль нябеснай сферы, і макеты планет…

Валянціна Драгальчук, настаўніца фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 28 г. Магілёва: "Мы зрабілі дыск Сонца, на якім адлюстравана ўнутраная пабудова Сонца і пабудова сонечнай атмасферы. Зрабілі мадэлі планет з указаннем хуткасці іх руху па арбіце, указаннем напрамкаў руху. Пабудавалі слупок геаскопа. Геаскоп - гэта дрэва вандраванняў, якое паказвае напрамкі на дзесяць цікавых гарадоў свету".

Над стварэннем пляцоўкі разам з будаўнікамі працавалі юныя астраномы і з рыдлёўкай, і з пэндзлем. Педагогі упэўнены: усё, што зроблена сваімі рукамі, захоўвацца будзе лепей.

Гонар юных магілёўскіх астраномаў - тры тэлескопы. Сабралі самі - па часопісах. Плануюць запрашаць турыстаў назіраць за небам. У мэрыі такую ініцыятыву падтрымалі.

Вучні тым часам будуюць планы па адкрыцці невядомых планет і астэроідаў.

На небе ўжо ёсць і астэроід пад назвай Ота Шміт – у гонар знакамітага вандроўніка, і ў гонар пісьменніка-франтавіка Канстанціна Сіманава, прах якога развеяны над Буйніцкім полем, і нават астэроід Беларусія. Юныя астраномы ўпэўнены: будуць і новыя адкрыцці.