Артысты мазырскай студыі “Арэна” рыхтуюць звышскладаны нумар

21 января 2017

Яны прадстаўляюць Беларусь на прэстыжным конкурсе цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла. Артысты мазырскай студыі “Арэна” рыхтуюць не проста складаны, а звышскладаны нумар. Некаторыя трукі да гэтага не выконвалі на манежы. Дарэчы, выхаванцы “Арэны” - лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. У іх мноства перамог на міжнародных конкурсах. Але ж не хапае галоўнага - з Монтэ-Карла.

Расказвае Вольга Халадовіч.

Гэты нумар не проста складаны, ён звышскладаны нават для дарослых цыркавых акрабатаў. Але юныя артысты з “Арэны” раз за разам гатовыя шліфаваць майстэрства. Прайсціся па канаце пірамідай, з завязанымі вачыма і нават на роліках - для гэтых дзяцей няма нічога немагчымага.

Першы раз гэты нумар яны паказалі на міжнародным конкурсе ў Кіеве. І адразу Гран-пры. А пасля сустрэча з членам журы Міжнароднага юнацкага цыркавога фестывалю "Новае пакаленне”. Тады мазырскія артысты яшчэ не ведалі, што ім зноў прыйдзецца адстойваць гонар краіны ў Францыі.

Вось гэты ліст прыйшоў у “Арэну” з Монтэ-Карла з запрашэннем для юных артыстаў і іх настаўнікаў. І словамі - вы маеце поспех у сваім жанры, мы будзем рады бачыць вас зноў.

Прадстаўнікі “Арэны” паспяхова дэбютавалі ў Монтэ-Карла ў мінулым годзе - прывезлі адтуль тры спецыяльныя прызы. Зараз настроены больш чым сур'ёзна.

Для цыркавых артыстаў конкурс у Монтэ-Карла падобны на Алімпійскія гульні для спартсменаў і “Оскар” для акцёраў. У складзе журы будуць прадстаўнікі самых вядомых цыркаў свету. Беларусы - адны з самых юных удзельнікаў і адзіныя прадстаўнікі нашай краіны.

Ужо гатовыя новыя касцюмы і абсталяванне, без якога нумар быў бы немагчымы. Дарэчы, яго вага амаль 300 кілаграмаў. Але наперадзе гэту цудоўную пяцёрку чакаюць напружаныя рэпетыцыі, два адборачныя туры і фінал, каб 5 лютага выступіць на гала-паказе ў Монтэ-Карла.