Арт-прагулка па Віцебску

3 февраля 2018

Сапраўдныя арт-аб’екты замест вулічных ліхтароў. У Віцебску стартаваў крэатыўны праект. Пляцоўкай для творчага эксперыменту стала вуліца ў цэнтры горада - любімае месца турыстаў. Па задумцы, у ліхтарах пасяліўся гід, які запрашае на прагулку па Віцебску і ўбачыць абласны цэнтр з незвычайных ракурсаў. Мая калега Марына Раманоўская ведае, у чым асаблівасць праекта.

Сапраўды, прагулку я ўжо паспела ажыццявіць. І думаю, што праект зацікавіць не толькі турыстаў, але і жыхароў абласнога цэнтра. Мне, напрыклад, вельмі спадабалася тое, што арт-прагулка развівае фантазію і канцэнтруе ўвагу. Больш падрабязна раскажу ў сюжэце.

Аўтар крэатыўнага праекта Яўген Палавінскі дэманструе эскізы. Іх некалькі дзясяткаў. Галоўны персанаж - гід. Па задумцы, гэта зборны вобраз жыхара абласнога цэнтра. Ён добра ведае гісторыю роднага горада і хоча зацікавіць іншых. Абавязковая ўмова такой арт-прыгоды - уважлівасць. Сэнс раскрываецца ў дэкарацыях. А гэта ўся вуліца.

50 ліхтароў аб’ядноўвае адна гісторыя. І каб зразумець яе цалкам, аўтар праекта раіць уважліва прыглядацца да кожнага арт-аб’екта. Цікава, што віцебскі гід добра бачны ў любы час. Але асабліва запамінаецца вячэрняя прагулка, калі ліхтары асвятляюць усю вуліцу.

Гэты арт-аб’ект таксама паспелі ацаніць турысты. Але пакуль “сядзейка”- так называюць крэатыўную лаўку - зімуе ў памяшканні. З надыходам вясны, не сумняваецца аўтар праекта, лаўка-калейдаскоп і крэатыўныя ліхтары выдатна дапоўняць адно аднага.

Знаёмства з віцебскім гідам толькі пачынаецца. Яўген Палавінскі спадзяецца, што ў хуткім часе крэатыўную прагулку можна будзе ажыццявіць і па іншых вуліцах абласнога цэнтра. А якія дэкарацыі выбраць - падкажа сам горад мастакоў.