Акцыя "Мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь" аб’яднала больш за 4 тысячы юных беларусаў

14 марта 2020
Напярэдадні Дня Канстытуцыі 14-гадовым юнакам і дзяўчатам - выдатнікам вучобы, пераможцам рэспубліканскіх алімпіяд, фестываляў, конкурсаў, пашпарты ўручаюць прадстаўнікі ўлады, ганаровыя людзі, ветэраны. У Паўночным рэгіёне краіны падчас акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі" пашпарты атрымаюць больш за 500 школьнікаў. Тэму прадоўжыць Вольга Маслоўская. 

Цяпер у яе ёсць фота з Прэзідэнтам. Васьмікласніца 7-й гімназіі Віцебска Марыя Юркова дзеліцца з аднакласнікамі ўражаннямі ад паездкі ў сталіцу. На ўрачыстае мерапрыемства ў Палац Незалежнасці яна трапіла разам з іншымі чатырнаццацігадовымі беларусамі з розных рэгіёнаў краіны. Дэлегацыя Віцебскай вобласці – тры дзяўчынкі: вучаніцы 12-й школы, 2-й і 7-й гімназій. Нягледзячы на юны ўзрост, яны ўжо дасягнулі поспехаў у вучобе, праявілі неардынарныя здольнасці ў творчых конкурсах і алімпіядах. Гімназістка Марыя Юркова, напрыклад, выдатніца і сапраўдная артыстка. 

На сцэне Марыя адчувае сябе свабодна і ўпэўнена, а вось сустрэча з Прэзідэнтам, прызнаецца, была хвалюючай. 

Акцыя "Мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь" напярэдадні Дня Канстытуцыі праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны, яна аб’яднала больш за 4 тысячы юных беларусаў. Першы і самы галоўны дакумент у сваім жыцці ім уручаюць прадстаўнікі ўлады, вядомыя і паважаныя людзі. Так, лепшым школьнікам Докшыцкага раёна выпаў гонар атрымаць пашпарт з рук старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзіміра Андрэйчанкі

Вучаніца Сітцаўскай школы Ульяна Аганесян вельмі хвалявалася падчас цырымоніі ўручэння пашпартоў, хаця ў школьным жыцці выпрабаванняў хапае. Дзяўчына ўзначальвае піянерскую дружыну, удзельнічала і перамагла ў конкурсе патрыятычнай песні. Любіць літаратуру і фізкультуру, а ў будучыні марыць паступіць у Інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Наперадзе - шмат адкрыццяў і дасягненняў, але гэты дзень, калі атрымала першы пашпарт, будзе памятаць. 

Усяго ў Паўночным рэгіёне пашпарт атрымалі больш за 500 школьнікаў. Сёлета рэспубліканская акцыя праходзіць пад хэштэгам #раЗАм. Бо толькі разам можна дасягнуць значных вынікаў у развіцці нашай краіны.