Бусел жыве ў сям'і

24 февраля 2018

Чужы сярод сваіх і свой сярод чужых. У сельскай глыбінцы Брагінскага раёна па заснежаных вуліцах гуляе... бусел. Любіць весяліць дзяцей і кожны дзень на прыпынку сустракае аўтобус. Нетыповая карціна трапіла ў аб'ектыў відэакамеры нашых калег. Ганна Кавалёва высветліла, з чаго пачалася гісторыя адзінокай птушкі.

Чаму бусел прамяняў курортны адпачынак на беларускую зіму, дакладна не вядома. Але ў мясцовых на гэты конт ёсць свая версія.

На іх думку, прычына - банальны адбор: выжывае мацнейшы. З надыходам засухі папуляцыя жаб у наваколлі зменшылася. У барацьбе за ежу слабых птушанят буслы пачалі выкідваць з гнёздаў. Верагодна, так на зямлі апынулася і гэтае бусляня. А затым і засталося зімаваць.

Сёлетняя зіма на Гомельшчыне запомніцца 20-градуснымі маразамі і рэкорднымі гурбамі. І калі б не людзі, на аднаго сімвала Беларусі з-за гэтага стала б менш. Мясцовыя жыхары пачалі падкормліваць яго, і паступова дзікая птушка стала ўспрымаць чужых, як сваіх. Абмежаванняў ёй не ствараюць. Яна аблюбавала адзін з куратнікаў і спакойна прымае дапамогу і пачастункі.

Нягледзячы на ўсенародную любоў, вяскоўцы спадзяюцца, што летам бусел, якога ўжо празвалі Бусей, усё ж далучыцца да суродзічаў.

Раней бусліныя гнёзды ў гэтай вёсцы налічвалі дзясяткамі. Але часта птушкі станавіліся прычынай аварый на электрасетках. Пры гэтым гінулі самі. У выніку апошнімі гадамі сталі сцерагчыся гэтых мясцін. Каб выправіць сітуацыю, вярнуць буслоў назад, у вёсцы пачалі ўстанаўліваць новыя электрычныя апоры.