Аграсядзібы Мінскай вобласці рыхтуюць свае зімовыя забавы

31 октября 2015

Турысты, найперш замежныя, актыўна браніруюць месцы для сустрэчы Новага года і Раства. Летась самабытныя сядзібы цэнтральнага рэгіёна наведалі больш за 120 тысяч гасцей з суседніх краін. Традыцыйныя беларускія пачастункі, экскурсіі па гістарычных мясцінах, знаёмства з рамёствамі. Чым жа сёння прываблівае турыста беларуская вёска - ведае Аляксандр Харавец.

Аўтэнтычнасць, гісторыя і сучаснасць разам са свежым паветрам і цішынёй ствараюць непаўторны каларыт адпачынку ў вёсцы. У Мінскай вобласці амаль 5 з паловай соцень аграсядзіб. Некаторыя з іх працуюць па кластарнай сістэме - у кожнай свая забаўная праграма. Адны прывабліваюць турыстаў майстар-класамі па бортніцтве ці ганчарстве, іншыя адкрываюць заапаркі і музеі. Тут жа прапаноўваюць гасцям навучыцца іграць на музычных інструментах нашых продкаў.

Ад гармоніка і скрыпкі - да мандаліны і дуды. У аграсядзібе Алеся сапраўдны музей рарытэтных інструментаў - больш за 20 відаў. І амаль на ўсіх гаспадар іграе даволі добра. Паланэз на гармоніку, полька “Паспалітоўка” на скрыпцы або старажытны вальс на цымбалах.

Гаспадар адрадзіў і тэатр лялек. І цяпер штотыдзень госці прыязджаюць паглядзець батлеечны спектакль. У рэпертуары - амаль 2 дзясяткі пастановак. Дарэчы, усе лялькі Алесь вырабляе сам.

Літаральна за 10 кіламетраў размясцілася сапраўднае каўбойскае ранча з беларускім каларытам. Тут турыстаў вучаць не толькі трымацца ў сядле, але і авалодваць прыёмамі коннай воінскай справы і нават размаўляць з гнядымі.