Аграномы Гомельскай вобласці ўжо прыступілі да збору ўраджаю новага года

16 марта 2019

Праўда, пакуль не ў палях, а ў цяпліцах. Першая вясновая агародніна - агурок - паказвае нядрэнную ўраджайнасць. Напрыклад, брылёўскія аграномы на поўдні краіны высокую планку ў гэтым трымаюць ужо чатыры гады запар. Паказчык - больш за 50 кілаграмаў з квадратнага метра. Пры гэтым усё вырашчана без выкарыстання хімічных рэчываў.

На лепшых цяплічных угоддзях Гомельскай вобласці пабывала Ганна Кавалёва і даведалася аб сакрэце багатага ўраджаю. Алена Пажарыцкая збірае першыя сёлетнія плады сваёй працы. Агароднік з 23-гадовым стажам з агурочнай культурай на ты - працуе з ёй усё жыццё. Дарэчы, у КСУП "Брылёва" пад гэту агародніну аддалі 6 з паловай гектараў цяплічных плошчаў - больш за палову ад усіх існуючых. На іх - самыя папулярныя гібрыды з лепшымі спажывецкімі якасцямі.

Агародніцтвам закрытага грунту тут займаюцца ўжо амаль 35 гадоў. Нядаўна зрабілі рэканструкцыю цяплічнага камбіната. Ён раскінуўся на 10 гектараў. Толькі агуркі вырошчваюцца ў двух культураабаротах. За год валавы збор цяплічнай прадукцыі - больш за 5 тысяч тон. Зараз сабралі звыш 200 тон ураджаю. Выбарку праводзяць праз дзень. Пры гэтым на прадпрыемстве закрыты цыкл - ад семечкі да гатовай прадукцыі, якая прадаецца ва ўласнай сетцы. Да таго ж поўным ходам ідзе адгрузка прадукцыі за мяжу. Акрамя беларусаў брылёўскія агуркі даспадобы і расіянам.

Ужо з красавіка на прылаўках побач з агуркамі з’явяцца і першыя памідоры. Зараз на падыходзе расада. Таматавы ўраджай рыхтуюць па галандскай тэхналогіі. Яго збор пачнуць праз тры тыдні.

Дарэчы, у структуры экспарту агародніны беларускія таматы займаюць амаль 27 працэнтаў. І ўвогуле летась у раслінаводстве пастаўкі свежай агародніны за мяжу для краіны былі найбольш прыбытковай катэгорыяй. За апошнія пяць гадоў аб'ём іх экспарту вырас больш чым у тры разы. І далейшы курс толькі на павышэнне планкі.