Аграгарадок Белавежскі - пасёлак будучага

20 октября 2018

Аграгарадок Белавежскі на карце Брэсцкай вобласці. Пейзажы маладога населенага пункта на звыклыя вясковыя краявіды не зусім падобныя. Тут прыгожыя дамы, вуліцы, інфраструктура накшталт гарадской. У Белавежскім не толькі створаны рабочыя месцы, але і штогод скарачаецца колькасць тых, каму неабходна жыллё!

Пра пасёлак будучага рэпартаж Вікторыі Патоні. Яшчэ больш за 30 гадоў таму на месцы Белавежскага былі палі, лес і балота. Сёння тут аграгарадок, жыхарам якога могуць па добраму пазайздросціць. Пачынаў прывіваць гэту любоў да зямлі былы кіраўнік Юрый Мароз. Цяпер газоны і кветкі на падворках – традыцыя. Дзмітрый і Аксана Парцянкіны прыехалі з Магілёўскай вобласці па размеркаванні як маладыя спецыялісты. Бухгалтар і аграном захапіліся сучасным падыходам і добразычлівасцю суседзяў. Тут і засталіся, атрымалі новае жыллё і самі спрабуюць сябе ў ландшафтным дызайне.

Наводзіць глянец на сваёй сядзібе і сям’я Барысюк. Прыехалі ў пасёлак 8 гадоў таму. Тут атрымалі новы дом ад гаспадаркі, нарадзілі трох дочак і пасадзілі сад. Віталь працуе на свінакомплексе начальнікам участка, Вольга выкладае англійскую мову ў мясцовай школе. Кажуць, для жыцця тут ёсць ўсё неабходнае, не горш, чым у горадзе.

За 12 гадоў у Белавежскім вырасла не адна вуліца, з’явілася больш за сотню дамоў сядзібнага тыпу. Большасць з іх будуецца з падтрымкай дзяржавы - льготнае крэдытаванне. Спачатку жыллё арэнднае, але затым яго можна прыватызаваць. У дамах цэнтральная каналізацыя, газ і вада. Гаспадары-навасельцы вядомыя ўжо на стадыі будаўніцтва падмурка. І перш за ўсё, гэта сумленныя і адказныя работнікі, якія прыязджаць у Белавежскі надоўга.

У аграгарадку пражываюць тры тысячы чалавек. Сярэдні ўзрост - 35 гадоў, шмат маладых сем’яў. Школа і дзіцячы садок - толькі для жыхароў Белавежскага. Запатрабавана і гасцініца на 14 месцаў, дзе спыняюцца не толькі спецыялісты ў камандзіроўках, але і турысты.

У цэнтры - аддзяленне банка, пошта, амбулаторыя, дзе можна прайсці абследаванне і атрымаць медыцынскую дапамогу першай неабходнасці. Тут жа працуюць дзённы стацыянар і стаматалагічны кабінет.

Важнае месца ў жыцці жыхароў аграгарадка займае духоўнае развіццё. Так тры гады таму тут з’явіўся праваслаўны храм у гонар святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. Пабудавана царква на сродкі саміх жыхароў Белавежскага і мясцовага прадпрыемства. Пры ёй створана нядзельная школа, якую наведваюць не толькі дзеці, а і дарослыя.

Белавежскі ўжо сёння можна назваць вёскай будучыні, дзе людзі ўмеюць не толькі працаваць, але і шанаваць прыгажосць роднага краю.