Аграрыі Гродзеншчыны абмалацілі амаль палову запланаваных плошчаў

27 июля 2019

Хуткія тэмпы жніва і самая высокая ў краіне ўраджайнасць. Аграрыі Гродзеншчыны абмалацілі амаль палову запланаваных плошчаў. У сярэднім на круг збіраюць каля 40 цэнтнераў з гектара. У асобных гаспадарках увогуле ставяць рэкорды – паказчыкі 70 цэнтнераў яшчэ не мяжа. Паралельна ажыццяўляецца і здача зерня ў рамках дзяржаўнага заказу.

Асаблівасці сёлетняй уборачнай кампаніі ў рэпартажы Юрыя Карняловіча. У гаспадарцы механізатара Генадзя Радзевіча ўсе з павагай называюць ветэранам жніва. Сёлетняя ўборачная кампанія для яго 25-ая па ліку. Пачынаў яшчэ на легендарнай “Ніве”, набіраўся вопыту на “Доне”, сёння ўжо ставіць рэкорды на высокапрадукцыйных камбайнах. Хутка адгрузіць сваю другую тысячу тон збожжа. У планах - пацвердзіць званне трохтысячніка. Ураджайнасць сёлета дазваляе разлічваць на высокія намалоты.

Сёлета ў СВК “Прагрэс-Верцялішкі” на ўраджайнасць збожжавых у аграномаў усё ж такі ёсць нараканні. Адзін з лепшых паказчыкаў у краіне – 72 цэнтнеры з гектара - для гаспадаркі далёка не рэкорд. У асобныя сезоны і па 100 цэнтнераў збіралі. Аднак два гады запар планы аграрыяў моцна карэкціруе надвор’е. Вось і сёлетняй вясной катастрафічна не хапала вільгаці. Ураджайным аказаўся толькі азімы ячмень. Затое падчас уборкі засушлівае надвор’е - вялікі плюс для аграрыяў. Ураджай з палеткаў на зернесушыльныя комплексы прывозяць практычна сухім.

Усё збожжа новага ўраджаю тут плануюць перапрацаваць да пачатку жніўня. Комплексы да такой нагрузкі былі падрыхтаваны загадзя і збояў пакуль што не давалі. З пачаткам жніва гэты зернесушыльны комплекс працуе круглыя суткі. Яго магутнасцяў хапае, каб перапрацаваць увесь вырашчаны ўраджай. Сёння на пляцоўцы фуражнае зерне. Адразу пасля сушкі яно накіроўваецца на камбікормавы завод.

На свае патрэбы гаспадаркі пакідаюць толькі частку новага ўраджаю. Першачарговая задача – выканаць дзяржзаказ. Таму і на элеватары збожжа адпраўляюць з першых дзён жніва. У лабараторыі агракамбіната “Скідзельскі” гарачая пара. Узяць пробы новага ўраджаю, вызначыць яго якасць і даць кампетэнтнае заключэнне – ад дакладнага аналізу залежыць захаванасць запасаў збожжа.

У залежнасці ад рэкамендацый лабараторыі, машыны са збожжам накіроўваюць непасрэдна на элеватар. Для кожнай культуры тут свае ёмістасці для захавання. Пшаніца, рапс, жыта – усяго агракамбінату ў рамках дзяржзаказу неабходна закласці на захаванне 51 тысячу тон зерня. Пры выкананні ўсіх тэхналагічных рэжымаў зерне можа захоўвацца дзесяцігоддзямі. Аднак на агракамбінаце стараюцца абнаўляць рэзервовы запас кожныя тры гады. На сёлетнім жніве асноўны аб’ём паставак прыйшоўся менавіта на ліпень.

Увогуле перад аграрыямі Гродзеншчыны сёлета стаіць задача сабраць як мінімум 1 мільён 700 тысяч тон збожжа. Тэрміны абмежаваныя, завяршыць жніво неабходна да сярэдзіны жніўня.