Аграрыі Беларусі ўключыліся ў самую масавую кампанію вясны-2020 - пасяўную

28 марта 2020
Праца ад світанку да заходу. Аграрыі Беларусі ўключыліся ў самую масавую кампанію вясны-2020 - пасяўную. Падрыхтавана амаль 60 % глебы па краіне пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. Цяпер важна якасна ўнесці угнаенні, каб тэхніка і надвор’е не падвялі. Яно ўсталявалася добрае. Таму кампанія набірае з кожным днём абароты. Андрэй Ястрабаў пра людзей, дзякуючы якім мы будем з хлебам. 

 Залатыя рукі - менавіта так гавораць калегі пра Сяргея Петранкова.  Яго талент адзначаны нават на дзяржаўным узроўні ордэнам Айчыны, пашаны і медалём за працоўныя заслугі. Бо нязменны лідар і жніва, і пасяўной. Зараз  на падкормцы азімых. А іх у гаспадарцы стала больш на траціну. Сакрэт поспеху просты,  заўважае механізатар,  -  трэба любіць зямлю. 

З сялянскай сям’і і Юрый Сямёнаў. Сёлета за яго плячамі самая велізарная ў гаспадарцы барана - 18 метраў. Таксама спяшаецца, бо трэба захаваць у глебе вільгаць. Сябе называе не інакш, як бульбаш.  

Назіраць за працай «Беларусаў» у полі - адно захапленне.  Гэты  энерганасычаны гігант у руках аграрыя з вопытам Генадзя Макаронка ўжо год. Не падвёў. Цяпер задзейнічаны на пасеве ячменю. Дарэчы, сяўбу пачалі першымі па краіне. Беларускай селекцыі «бровар» з асаблівым хлебным водарам. А вось Уладзімір Ермалаеў вадзіцелем у гаспадарцы ўсяго год. Аднак і яго захапіла поле.  

Сонца з першых дзён вясны пачало наталяць цяплом глебу. І не скарыстацца такой  магчымасцю ў маштабах цэлага раёна не маглі. Пачалі сяўбу раней, чым  звычайна. Гэта плюс для будучага ўраджаю, запэўнівае аграрый са стажам, старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы.   

Удалым аказаўся і ўнікальны эксперымент Магілёўскай вобласці, калі яравыя пасеялі яшчэ 2 сакавіка. У чатырох раёнах усяго па некалькі гектараў. Аднак насенне добра прыжылося. З’явіліся і першыя здаровыя парасткі. Хутка дагоняць азімыя. 

А яшчэ ў гаспадарцы разлічваюць на добры ўраджай цукровых буракоў, кукурузы. Яе сёлета пад тысячу гектараў. Усё гэта абавязкова  дасць прыбытак для заробку і набыцця новай тэхнікі.