90-гадовая Галіна Немцава перакананая: жыццё – гэта рух

10 февраля 2018

Энергічнасці і добраму сэрцу гераіні наступнага сюжэта можна пазайздросціць. Галіне Немцавай з Пружан 90 гадоў, але заспець дома жанчыну амаль немагчыма. Яна перакананая: жыццё – гэта рух. Таму ў графіку заняткі спортам, сустрэчы і дапамога людзям.

Пра супербабулю, якая не ходзіць па паліклініках і не п’е таблеткі, расказвае Вікторыя Патоня. Гімнастыка, ёга, кожнай раніцай абавязковая зарадка. Галіна Немцава з тых, каго дома не заспець. Нягледзячы на ўзрост (а бабулі 90!) яна заўсёды ў руху і на пазітыве. Спортам пачала займацца ўжо на пенсіі. Спачатку разгубілася: што рабіць з такой колькасцю вольнага часу? Але хутка знайшла сабе занятак. І не адзін.

У распарадку дня супербабулі скандынаўская хадзьба. Трэніроўкі праходзяць на свежым паветры пры любым надвор’і на гарадскім стадыёне. Штодня Галіна Канстанцінаўна пераадольвае адлегласць больш за 5 кіламетраў.

Галіна Немцава прызнаецца: не хварэе і не п’е таблеткі. На артэрыяльны ціск не скардзіцца, вядзе здаровы лад жыцця. На стале ў жанчыны толькі вітамінныя прадукты, мінімум мяса. Хадзьбой займаецца два гады, з алімпійскім натхненнем. Дарэчы, за беларускую зборную на Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі таксама будзе хварэць. Супербабуля выдатна разумее: за кожным дасягненнем каласальная праца.

Акрамя сілы волі і спартыўнага духу, у Галіны Канстанцінаўны добрае сэрца. Дапамагае тым, каму гэта неабходна: людзям і жывёлам. Напрыклад, кошку Мурку яна чатыры гады таму падабрала на вуліцы. Бяздомнае кацяня тады само выбрала гаспадара.

Галіна Немцава - самы старэйшы ў краіне валанцёр Чырвонага Крыжа. Але робіць свае добрыя справы жанчына не дзеля славы і ўзнагарод, проста слухае сваё сэрца. Наведвае дзіцячыя прытулкі, дапамагае састарэлым. Асабліва, гаворыць актывістка, любіць дзяцей. Яна сама мае двух унукаў і чатырох праўнукаў. Нярэдка па дапамогу звяртаецца і суседка. Галіна Канстанцінаўна ніколі не адмаўляе.

Адзіная дачка Галіны Канстанцінаўны жартуе: маму дома не заспець, таму і купілі ёй мабільны тэлефон. Праўда, раўняцца на супербабулю зусім няпроста.

Галіна Немцава пераканана: пакуль рухаецца - значыць жыве. Яна заўсёды ў добрым настроі, бо ўпэўнена: усмешка таксама працягвае жыццё.



Зараз чытаюць