5 залатых,11 сярэбраных і 1 бронзавы медаль прывезлі беларусы з Сусветнай кулінарнай алімпіяды

5 ноября 2016

Праходзіла яна ў нямецкім Эрфурце і сабрала кандытараў і повараў з 50 краін. Адным з пераможцаў у намінацыі "Работа з шакаладу" стаў Дзмітрый Анціпенка з Гомеля. З ім сустрэўся наш карэспандэнт.

Расказвае Яўген Пабалавец.

Сусветная кулінарная алімпіяда - такі ж значны турнір, як і спартыўныя Алімпійскія гульні. Праводзіцца з 1900 раз на чатыры гады і збірае лепшых кандытараў і повараў. Перамагчы ў адной з намінацый - значыць стаць у адзін рад з майстрамі сусветнага ўзроўню. Да гэтай мэты Дзмітрый Анціпенка ішоў 17 гадоў. Яшчэ са школы марыў быць кандытарам. Прафесію выбіраў адмыслова. Да алімпійскага медаля была перамога на чэмпіянаце свету па кулінарыі ў Люксембургу, дзе Дзмітрый прадэманстраваў работу з карамелі. У Германію павёз шакаладную кампазіцыю.

Два тыдні напружанай працы, 30 кілаграмаў шакаладу, сотні дэталяў. Трухлявы пень, вядзьмарка, куфар і вось такі корч. Падчас ацэнкі кампазіцыі журы ўлічвае ўсё - ад ідэі і складанасці да якасці выканання. Галоўнае правіла - нічога, акрамя шакаладу.

Абавязковы этап - дэкарыраванне. Вось такія грыбочкі, галінкі, аўтэнтычныя цвікі. Такія дробязі робяць звычайную працу кандытара творам мастацтва.

Зараз майстар прымае віншаванні ад калег. Да слова, Дзмітрый - адзіны мужчына-кандытар на прадпрыемстве.

А пасля працы Дзмітрый займаецца творчасцю. Зараз ён паставіў перад сабой новую мэту - паехаць на Міжнародны Крамлёўскі кулінарны кубак у Маскву. Толькі ўжо пакажа работу не з карамелі ці шакаладу, а паспрабуе новыя салодкія матэрыялы.