1 студзеня ў Беларусі з'явіліся на свет 145 хлопчыкаў і дзяўчынак

5 января 2019

У гэтых дзяцей роўна праз год будзе асаблівая, падвойная нагода для падарункаў! Яны нарадзіліся ў першы дзень новага года. 1 студзеня па ўсёй краіне з'явіліся на свет 145 хлопчыкаў і дзяўчынак, 36 з іх у сталіцы. Усяго ж за мінулы год нарадзілася амаль 17 000 мінчан. На дэмаграфію, статыстыку і лічбы ў афіцыйным, але і святочным фармаце паглядзеў Аляксей Кандраценка.   

Першы дзень новага года - і адразу прыбаўленне! Вольга Грыгорчык з Бараўлянаў нарадзіла дачку першага студзеня. Сафія - так назвалі дзяўчынку - другое дзіця ў сям'і, для якой Новы год цяпер – асаблівае, падвойнае свята.

За апошні час клінічны радзільны дом Мінскай вобласці стаў яшчэ і тым месцам, куды сем'і з дзецьмі прыходзяць праз гады. Дружалюбнасць - крэда медыцынскай установы.

Поўную дэмаграфічную карціну ў сталіцы абмалююць пазней. Ну, а пакуль адчуваецца набліжэнне да афіцыйнага новага статусу горада.

Ужо даўно Мінск называюць двухмільённым горадам. Але ўсё ж такі гэта не дакладна. Афіцыйна ў сталіцы 1 992 000 чалавек. І, як мяркуецца, той самы двухмільённы мінчанін з'явіцца на свет у канцы ўжо гэтага, 2019 года.

Паводле звестак статыстыкі, сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці - крыху больш за 30 гадоў.

Таксама сталічныя статыстыкі прааналізавалі, на якія мэты выдаткоўваюцца сямейныя бюджэты. За няпоўны год тут свае тэндэнцыі.

Даведацца не толькі пра дэмаграфію, але і ўвогуле больш падрабязна пра розныя сферы жыцця свайго горада, раёна, вобласці і ўсёй краіны можна будзе пасля перапісу насельніцтва. Ён пройдзе сёлета ў кастрычніку. Сабраныя звесткі дапамогуць фарміраваць бюджэты і ствараць прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія спатрэбяцца і будучым пакаленням беларусаў.